Чароўны куфэрак часу

Папулярным сярод маленькіх чытачоў абласной бібліятэкі стаў новы твор “Чароўны куфэрак часу” Людмілы Антонаўны Кебіч – гродзенскай пісьменніцы, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужанага дзеяча культуры. Гэта апавяданне з элементамі фэнтэзі, якое выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” для чытачоў малодшага ўзросту з цікавымі, пазнавальнымі гісторыямі з мінулага самой аўтаркі, якія вучаць любіць і паважаць родных, сваю сям’ю.
Кніга расказвае пра хлопчыка і дзяўчынку, якія прыехалі на зімовыя канікулы да прабабулі. Гарадскім школьнікам было нецікава ў вёсцы, не было чым займацца. І аднойчы яны знайшлі старадаўні куфэрак, які стаяў у адным з пакояў, і адчыніўшы яго, апынуліся ў мінулым, таму што ён на самой справе быў зачараваны. Дзяцей чакалі незвычайныя прыгоды, сустрэча з маладой прапрабабуляй Агатай — вялікай майстрыхай-вышывальшчыцай і мноства іншых цікавых падзей, аб якіх даведаецца кожны, хто адважыцца зазірнуць у “Чароўны куфэрак часу” Людмілы Кебіч.
За кнігай звяртайцеся ў дзіцячы аддзел бібліятэкі па адрасе: вул. Савецкая, 25.