Я не самотны, я кнігу маю…
28 студзеня ў абласной кніжніцы адбылася сустрэча з таленавітымі пісьменнікамі нашага горада – «Я не самотны, я кнігу маю…», на якой пераможцы абласнога літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча прэзентавалі свае кнігі.
Лепшымі па выніках конкурсу былі названы: у намінацыі «Паэзія» – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Андрэй Татур; празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Лашук – у намінацыі «Проза»; паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Мазур – у намінацыі «Дзіцячая літаратура»; «Адкрыццём года» стала паэтэса Юлія Раманюк (Юлія Мельнік).
Пісьменнікі прадставілі публіцы свае новыя кнігі, распавядалі пра гісторыю іх стварэння, дзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе, а паэт Андрэй Татур выступіў таксама з песнямі на ўласныя вершы.
З віншавальным словам да пераможцаў звярнулася старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, якая падкрэсліла, што менавіта ўдзел і перамога ў конкурсе не толькі прынеслі аўтарам новыя кнігі, але і ўзбагацілі сучасную беларускую літаратуру. З цікавым крытычным матэрыялам на прэзентаваныя кнігі выступіў член СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык.
Абласная бібліятэка віншуе пераможцаў і жадае ім натхнення і творчых поспехаў на ніве сучаснай беларускай літаратуры. 40% ад публікацыі новых кніг аўтары перадалі ў абменны фонд абласной бібліятэкі. Неўзабаве яны з’явяцца на паліцах публічных бібліятэк рэгіёна.