Цікавыя гісторыі для хлопчыкаў і дзяўчынак

Дзіцячы пісьменнік − гэта пісьменнік, які піша свае творы ў разліку на дзіцячую аўдыторыю. Сучасныя беларускія кнігі для дзяцей імкнуцца, па магчымасці, задаволіць запатрабаванні кожнага маленькага чытача.
Кніжны фонд дзіцячага аддзела Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага папоўніўся новымі творамі беларускіх пісьменнікаў для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.
Башинская, Ю. Е. Письма космонавту : повесть / Юлия Башинская ; [художник Е. В. Шевяков]. − Минск : Народная асвета, 2024. − 79 с. − (Тусовка.by).
Известно ли вам, что все удивительные истории начинаются потому, что кому-то стало скучно? Стоит немного заскучать, как тут же начинают происходить самые разные происшествия. Вот и Иринке – обыкновенной девочке девяти лет – в тот день было скучно и совсем не хотелось ничего делать. Поэтому она отправилась прогуляться и неожиданно встретила волшебницу… С этого момента в жизни этой озорной выдумщицы и фантазерки начинают происходить увлекательные истории. Книга о том, как важно быть кому-то нужным, приходить на помощь и никогда не унывать.
Бучынская, Н. С. Смоўжыкі, Гурман і насатая каманда : казачныя гісторыі / Наталля Бучынская ; [мастак К. Пержукова]. − Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2024. − 69 с.
У кнігу дзіцячай пісьменніцы Наталлі Бучынскай увайшлі тры займальныя і пазнавальныя гісторыі, якія дазволяць чытачам далучыцца да незвычайных падзей у дзівосным свеце казачных істот: паслухаць канцэрт Смоўжыка і жамяры, раскрыць здарэнне з прапажай хаткі цётачкі Смаўжыхі, спрабаваць разам з Гурманам злавіць вёрткага Смаўжыка. Таксама ў чытача будзе магчымасць даведацца пра незвычайных смаўжоў, якія жывуць у свеце. А самы ўважлівы зможа палічыць смоўжыкаў, што падарожнічаюць па старонках і дзеляцца сваімі сакрэцікамі.
Стэльмах, А. А. Рыпучае дрэва : казка / Алена Стэльмах ; [мастак У. Пятровіч]. − Мінск : Звязда, 2024. − 27 с.
Падзеі казкі адбываюцца ў даўнія часы ў запаветных лясах Налібоцкай пушчы. Палясоўшчык Янка Жывіца разам з дзедам Лесуном, Бабай Ёўгай, Зайцам Доўгія Вушы і іншымі насельнікамі пушчы ратуюць Красулю-ласіху, якую параніў дрэнны чалавек. За свае кепскія справы Дзед Лесун ператварае яго ў рыпучае дрэва. Гэты твор пра сямейныя традыцыі, сапраўднае сяброўства, дабрату, спагадлівасць, любоў да сваёй краіны, беражлівыя адносіны да прыроды. Казка будзе цікава чытачам, хто хоча як мага больш даведацца пра наш навакольны свет і перакананы: ён не менш дзівосны і таямнічы, чым самы неверагодны казачны сюжэт.
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Падарунак караля : казка / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак І. Марозава]. − Мінск : Звязда, 2024. – 37 c. – (Казкі Кніжнай феі).
“Падарунак караля” – чарговая кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, аўтара кніг пра Лісачку-Красуню. Кароль Якаў зрабіў сваю дзяржаву самай магутнай і багатай. Справамі каралеўства ён жыў многія дзесяцігоддзі, а сям’і не заімеў. І калі падабралася пара перадаць трон надзейнаму, разумнаму, шчыраму і добраму пераемніку, стала зразумела, што знайсці такога зусім няпроста… Дачка прыдворных музыкаў скрыпачка Віленда аказалася дзяўчынай добрай, спагадлівай, яна ўратавала караля ад смерці і стала яго пераемніцай. Выдатныя прыгожыя каляровыя ілюстрацыі Іны Марозавай дапамогуць адчуць чароўную атмасферу казачнага свету.
Чарняўскі, М. Ноткі-ляноткі : казкі / Мікола Чарняўскі ; [мастак Г. Архіпава]. − Мінск : Звязда, 2024. − 62 с.
У новым зборніку казак вядомага паэта Міколы Чарняўскага “Ноткі-ляноткі” аўтар запрашае ў дзівосны і таямнічы свет жывога роднага слова. Прачытаўшы гэту кнігу, маленькія чытачы даведаюцца, як музычныя ноткі зрабіліся ляноткамі, якая прыгода адбылася з цаглінай па дарозе на будоўлю, хто ўкраў канькі ў Снягуркі, а таксама стануць сведкамі шматлікіх іншых прыгод і здарэнняў з жыцця казачных герояў. Гэтыя цікавыя гісторыі павучальныя, здзіўляюць мноствам незвычайных прыгод, вучаць рабіць дабро, шанаваць сяброўства, берагчы нашу родную непаўторную прыроду.
Якімовіч, А. М. Жылі-былі літары… : займальныя гісторыі пра літары беларускага алфавіта / Аляксей Якімовіч. − Мінск : Беларусь, 2024. − 156 c.
Аляксей Якімовіч − вядомы беларускі пісьменнік, драматург, аўтар вядомых твораў для дзяцей і падлеткаў. У яго новай кнізе «Жылі-былі літары» сабраны казкі на кожную літару беларускага алфавіта. Іх галоўныя героі – хлопчыкі Міколка і Васілёк знайшлі сярод лясной дзятвы шмат сяброў: Сінічку і Верабейку, чорнага мураша Чарныша і рыжага мураша Рыжыка, з якімі сумаваць ніколі не даводзіцца! Пра вясёлыя прыгоды, цікавыя забавы, неверагодныя здарэнні і дэтэктыўныя гісторыі і раскажа гэта кніга, а маленькі чытач і не заўважыць, як пазнаёміцца з усімі літарамі. А яшчэ выканае заданні, што знаходзяцца ў канцы кожнага апавядання.
Кнігі можна атрымаць у дзіцячым аддзеле па адрасу: вул. Савецкая, 25.