Літаратурнае сяброўства з Магілёўшчынай

У межах літаратурнага марафону Магілёўшчыны ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы адбыўся творчы вечар Алеся Мікалаевіча Казека «Айчына. Дзяржава. Вера», які сабраў аматараў літаратурнага слова, моладзь і самых актыўных членаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Алесь Мікалаевіч узначальвае Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, актыўна займаецца літаратурнай творчасцю, пастаянна праводзіць сустрэчы з моладдзю, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Патрыятычнае выхаванне, любоў і павага да роднай зямлі, гонар за Беларусь і яе працавіты народ, жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны – асноўныя тэмы паэтычнай творчасці аўтара, з якімі мелі магчымасць пазнаёміцца ўсе прысутныя.

Яскравай нотай імпрэзы былі вакальныя відэавыступленні артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі з песнямі на словы Алеся Мікалаевіча.

Дыялог з моладдзю быў жывым і шчырым  і стаў сапраўднай падзеяй у літаратурным жыцці Гродзеншчыны.