Талент – прыгажосць паэта

1 лістапада ў абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага прайшла творчая сустрэча з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі – Таццянай Яцук.

Таццяна Мікалаеўна нарадзілася на Навагрудчыне, у вёсцы Радагошча. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Жыве ў Баранавічах, працуе настаўніцай, а таксама з’яўляецца кіраўніком літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры”.

Аўтар прадставіла гродзенскай публіцы сваю новую кнігу вершаў “Мудрасць вечара”, з якой чытала кранальныя вершы на прыгожай беларускай мове пра каханне,  пра любоў да Радзімы і да свайго народа:

“…Я ўсё жыццё малюся за спакой,

За васільковы ўсплеск нябёсных высяў,

Каб ранкі знакам мудрасці павіслі

Над васільковаю маёй зямлёй.”

Не выпадкова, на вершы Таццяны Яцук напісана больш за 20 песень. І сапраўдным літаратурна-музычным падарункам прагучалі некаторыя аўтарскія кампазіцыі ў выкананні спявачкі, члена аб’яднання “Купальскія зоры”, Галіны Бабонавай. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства, адказваючы на пытанні аўтара, атрымалі кнігі з аўтографам у падарунак.

Сярод гасцей мерапрыемства: прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратурнага аб’яднання “Надежда”, студэнцкая моладзь і чытачы бібліятэкі. Усе прысутныя пераканаліся ў тым, што Таццяна Мікалаеўна – цікавы суразмоўца і апавядальнік, а яе паэтыцкі талент – сапраўднае ўпрыгожанне сучаснай беларускай літаратуры.