Таленты роднай зямлі

У аддзеле мастацтва ў межах праекта “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны” адбылася творчая сустрэча “Таленты роднай зямлі” з тэатрам народнай песні “Матуліна песня”. Фальклорны калектыў вось ужо 38 гадоў уносіць свой значны ўклад у беларускую культуру, зберагае наша песеннае мастацтва, застаецца крыніцай радасці, натхнення, энергіі і творчасці.

Народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых фестывалях, з’яўляецца пераможцам шматлікіх конкурсаў. За гады працы было пастаўлена звыш 15-ці фальклорных  спектакляў:  “Вячоркі”, “Вялік святы нам дзень настаў!”, “Святыя вечары”, “Шчодрык” і “Шчадрэц”, “На Купала – сонца йграла”, “Провады да войска”, “Фэст на Пакровы”, “Гуканне вясны”, “Вяселле” і іншыя.

Нязменны кіраўнік, заснавальнік і рэжысёр самабытнага калектыву – Тарэса Антонаўна Адамовіч падзялілася творчым вопытам і разам з калектывам прадставіла аўдыторыі беларускія народныя песні і танцы, якія з задавальненнем падхапіла публіка. Вялікую зацікаўленасць выклікала выстава “Таленты роднай зямлі” пра творчыя дасягненні калектыву.

Падчас мерапрыемства можна было даведацца пра мясцовыя традыцыі, пачуць арыгінальныя прыпеўкі і песні, патанцаваць і акунуцца ў непаўторную атмасферу нашай беларускай народнай культуры.

Яшчэ навіны: