“Памятаем, шануем, ганарымся”

У аддзеле абанемента арганізавана кніжная экспазіцыя “Памятаем, шануем, ганарымся: уніформа, узнагароды, тэхніка”, на якой прадстаўлены асабістыя рэчы франтавікоў, а таксама дакументальныя і мастацкія выданні, дзе адлюстраваны гераічныя і трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны.

У аснове экспазіцыі — нямыя сведкі франтавога жыцця — сапраўдныя элементы ваеннага абмундзіравання, сярод якіх салдацкі шынель і пілотка, палявая сумка камандзіра, пляшка для вады, салдацкі кацялок, лісты з фронту, узнагароды і знакі адрознення. Асабістыя рэчы салдат нагадваюць нам, якія яны былі, героі вайны, як пражывалі кожны дзень, кожную хвіліну, пра што думалі, аб чым марылі…

Заўсёды цікава ўбачыць нешта новае, а тыя, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй, ведаюць, што існуе такая дысцыпліна – уніфармалогія – якая вывучае гісторыю ўзнікнення і характэрныя асаблівасці ваеннай формы, дазваляе дакладна ўстанаўліваць прыналежнасць вайскоўца да канкрэтнай дзяржавы, родаў войскаў, падраздзяленняў, адрозніваць званне і чын.

Каб уявіць ва ўсіх дэталях, як выглядаў побыт салдатаў на фронце, даведацца пра іх подзвігі і ўзнагароды, аддзел абанемента таксама прапануе падборку літаратуры, заснаванай на архіўных дакументах, даследаваннях і энцыклапедычных дадзеных, дзе падрабязна апісаны і праілюстраваны прадметы форменнай вопраткі і знакі адрознення часоў Вялікай Айчыннай вайны: “Награды, знаки различия и униформа Великой Отечественной войны”; “Красная Армия: организация, структура, униформа, знаки отличия, боевые награды, оружие пехоты, танки, артиллерия, авиация”; Царева, Т. Б. “Все награды Второй мировой войны. Ордена, медали и нагрудные знаки”; Гусев, И. Е. “Ордена и медали”; Доманк, А. С. “Знаки воинской доблести”.

Усіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і культурай увогуле, а таксама ваеннай культурай і формай адзення ў прыватнасці, запрашаем наведаць нашу экспазіцыю па адрасе: вул. Карбышава, 17, 2 паверх, каб. 201.