Памяць не мае мінулага часу
22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Да гэтай даты ў аддзеле абанемента была арганізавана кніжная экспазіцыя “У памяти нет прошедшего времени”, якая змяшчае выданні, дзе адлюстравана небывалая ў гісторыі па сваіх маштабах і бязлітаснасці барацьба народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На выставе прадстаўлены кнігі з даследаваннямі па генацыду беларускага народа са звесткамі пра зверствы фашысцкіх карнікаў: сотні спаленых вёсак і тысячы закатаваных і расстраляных мірных жыхароў.
Ушанаванне народнай памяці аб бязвінных ахвярах акупантаў, мужнасці і гераізме пры абароне Айчыны адлюстроўваюць выданні пра помнікі, абеліскі, манументы і мемарыяльныя комплексы, дзякуючы якім памяць аб тых страшных часах будзе вечна жывая ў сэрцы беларускага народа ў імя мірнага жыцця будучых пакаленняў.
Таксама выстава змяшчае кнігі пра самую трагічную ў нашай гісторыі дату – 22 чэрвеня 1941 г. – Дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя выданні распавядаюць пра першыя баі на беларускай зямлі і несмяротны гераічны подзвіг воінаў, якія прынялі на сябе першы ўдар фашысцкіх войск і сваёй самаахвярнай мужнасцю парушылі фашысцкі план “маланкавай вайны”.
Запрашаем пазнаёміцца з выданнямі ў аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17 (2 паверх, каб. 201).