Свята кнігі адбылося!

Яскрава і па-летняму горача прайшло галоўнае свята кнігі, падрыхтаванае Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Карскага. На пляцоўцы каля дома нашай знакамітай зямлячкі Элізы Ажэшкі ў рамках XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур адбыўся VІІI Абласны фестываль кнігі “Гарадзенскі “ЛітФэст”!

Шматгалоссе літаратуры аб’яднала пісьменнікаў з розных краін, закаханых у мілагучнае беларускае слова. Сваім талентам здзіўлялі нашыя мясцовыя аўтары, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратурнага аб’яднання “Надежда”, а таксама госці: Віталь Бартохаў з Алушты, Станіслаў Валодзька з Даўгаўпілса, Канстацін Цыбульскі з Мінска, Наталля Шаўлоўская з Томска і многія іншыя.

Публічныя бібліятэкі Гродзенскай вобласці захаплялі гродзенцаў і гасцей горада інтэрактыўнымі пляцоўкамі з казачнымі героямі, лялечнымі спектаклямі, майстар-класамі, фотазонамі і незвычайнымі інсталяцыямі з кніг. Краязнаўчая гульнятэка, бібліятэчныя прадказанні, чароўны свет дзіцячай кнігі разам з Надзейкай-чарадзейкай, літаратурныя турніры, незвычайны бібліябар, мема-гульні і нават сустрэча с Дзедам Марозам, стваралі атмасферу літаратурнага сусвету.

Кніга і музыка – шыкоўны тандэм! Наведвальнікі Літфэсту атрымалі асалоду і ад чытання, і ад музычных выступленняў ваеннага аркестра вайсковай часткі 5522 унутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь, вакальнага калектыву “Жывіца”, народнай эстраднай студыі “Овация”, а таксама маладога і вельмі крэатыўнага Народнага духавога аркестра Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа.

Гучна і па-кніжнаму мы распачалі гэта фестывальнае лета! Шчыра дзякуем усіх, хто прымаў удзел у нашым VІІI Гарадзенскім ЛітФэсце! Жадаем вам выдатнага адпачынку, праведзенага з кнігай!

Да сустрэчы ў наступным годзе!