Конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

Пяць бібліятэчных устаноў Гродзеншчыны – у ліку пераможцаў ХХХІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Вынік плённай працы за 2023 год – 4 дыплома першай ступені, 1 – другой!

У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” дыплом першай ступені атрымала Навагрудская раённая бібліятэка за серыю культурных дыялогаў у межах асветніцкага праекта “Вялікія кнігі – Вялікія справы”. Арганізацыя дыялогаў з людзьмі, справа якіх мае вялікае значэнне для развіцця раёна, вобласці, грамадства ў цэлым, паспрыяла папулярызацыі чытання ў моладзевым асяроддзі. На кожнай сустрэчы збіралася мазаіка для вялікага пано “Букет Міру”, у выніку чаго атрымалася сімвалічнае адлюстраванне прафесійнай дзейнасці навагрудчан у выглядзе кветак і значных падзей.

У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” пераможцам прызнана Іўеўская раённая бібліятэка за рэалізацыю праекта “Беларускі чацвер”, накіраванага на выхаванне любові да малой радзімы, папулярызацыю нацыянальнай культуры. Установай рэалізаваны цыклы мерапрыемстваў “Фальклорная мазаіка”, “НеВядомая беларуская літаратура”, ладзіліся ўрокі малявання “Мы малюем Беларусь”, створаны электронны інфармацыйны рэсурс “Беларускі чацвер. НеВядомая беларуская літаратура”.

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” дыпломам першай ступені ўзнагароджана Астрынская гарпасялковая бібліятэка Шчучынскага раёна за пошукавы праект “Экспедыцыя памяці” па збору матэрыялаў пра генацыд беларускага народа на тэрыторыі Астрынскага сельскага Савета. Вынік грунтоўнай справы – новыя анлайн рэсурсы: інтэрактыўная карта “Взгляд в историю. Острино”, базы дадзеных “Гісторыя яўрэяў Астрыны”, “Летапіс Астрыны”, віртуальная  Кніга Памяці “І зноў памяць вяртаецца да вайны”.

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” дыплом першай ступені атрымала Адэльская сельская бібліятэка Гродзенскага раёна за распрацоўку віртуальнай інтэрактыўнай карты “Мястэчка, якое было горадам. Падарожжа па аграгарадку Адэльск”, папулярызацыю краязнаўчых ведаў праз анлайн віктарыну “#ПраАдэльск”, квэст-гульню “Адэльск і ваколіцы”, пешыя гід-падарожжы “Край млыноў і прыдарожных крыжоў”, экскурсійна-турыстычны маршрут “Спадчына зямлі Адэльскай”, віртуальны гастрадайджэст “Смачна есці. Адэльскія прысмакі” і інш.

Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы стала лаўрэатам другой ступені за стварэнне краязнаўчага вэб-квэста “Всему начало здесь, в краю моём родном”.

Віншуем з перамогай!