Галоўная кніжніца Прынямоння сустракае гасцей!
Гарачы майскі дзень у галоўнай кніжніцы Прынямоння прайшоў у максімальна літаратурным рэжыме. Дзякуючы нашым партнёрам – выдавецкаму дому “Звязда” і Гродзенскаму абласному аддзяленню Саюза пісьменніку Беларусі – у абласной бібліятэцы прайшло адразу некалькі прэзентацый літаратурных выданняў і творчыя сустрэчы з майстрамі пяра, якія плённы працуюць на ніве нашай роднай беларускай літаратуры.
З Гродзенскімі аматарамі літаратуры сустрэліся: намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” Аляксей Чарота і вядомая беларуская пісьменніца, барысаўчанка Алена Брава.
Аляксей Чарота падзяліўся падрабязнасцямі станаўлення “Літаратуры і мастацтва” – аднаго з галоўных выданняў творчай інтэлігенцыі нашай краіны. Рэспубліканская газета існуе з 1932 года і была сведкам розных этапаў развіцця беларускай літаратуры. Сёння ўдзельнікі мерапрыемства змаглі аформіць падпіску на штотыднёвік і атрымоўваць навіны з літаратурнага жыцця краіны да дому.
Алена Брава распавяла пра ідэі, якія ўкладае ў сваю творчасць. Сёння, калі Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пісьменніца прадставіла публіцы сваю шчымлівую аповесць “Дараванне”. Як вайна працягвае ўплываць на лёс сучасных людзей, што рабіць, калі балючыя моманты гісторыі роднай зямлі кранаюцца чалавека асабіста?
Шчыра дзякуем выдавецкаму дому “Звязда” за магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, набыць кнігі і атрымаць сапраўдную асалоду ад літаратурных сустрэч.