Чытайце РОДНАЕ і жыццё будзе ГОДНАЕ!
Яскрава і гучна ў абласной бібліятэцы распачаўся інфармацыйны тыдзень “РоднаеГоднае”!
Усе скарбы беларускай літаратуры ад навукова-папулярных да мастацкіх твораў з фонду абласной бібліятэкі прадставяць чытачам у аддзелах абслугоўвання. Багаты літаратурны кнігазбор класікаў і сучасных беларускіх аўтараў чакае наведвальнікаў у аддзеле абанемента, унікальныя пераклады на розныя мовы свету знакамітых твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка ўбачаць наведвальнікі аддзела выданняў на замежных мовах, а маленькіх чытачоў на працягу тыдня чакаюць сустрэчы з гродзенскімі пісьменнікамі ў дзіцячым аддзеле.
Агляд рарытэтных перыядычных выданняў падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела ўніверсальнай чытальнай залы, дзе побач з сучаснымі папулярнымі выданнямі знаходзяцца волаты беларускага перыядычнага друку: часопіс “Полымя” з 1945 года, 100-гадовы юбіляр бягучага года – “Алеся”, а таксама літаратурны часопіс “Маладосць”, у якім упершыню ў 1994 годзе былі апублікаваны вершы вядомай гродзенскай пісьменніцы Людмілы Кебіч.
Сапраўднае свята паэтычнага слова адбылося ў аддзеле мастацтва з нагоды Сусветнага дня паэзіі. Прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, грамадскага літаратурнага аб’яднання “Надежда”, а таксама шматлікія аматары лірыкі сустрэліся разам адзначыць гэты важны ў жыцці кожнага паэта дзень. Вершы і песні любай Беларусі гучалі на роднай мове.
Не толькі літаратурным словам, але і мастацкімі талентамі адзначаўся гэты дзень. Неверагоднай прыгажосці выстава малюнкаў навучэнцаў гродзенскай гімназіі № 5 імя Караткевіча “Творческий калейдоскоп” стала часткай урачыстага адкрыцця інфармацыйнага тыдня.
Запрашаем у абласную бібліятэку, бо чытаючы РОДНАЕ і жыццё будзе ГОДНАЕ!