Рэха вайны. Халакост на Гродзеншчыне

27 студзеня штогод адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Гэты дзень быў афіцыйна абвешчаны памятным Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у лістападзе 2005 года. Дата была выбрана не выпадкова: 27 студзеня 1945 года савецкія войскі вызвалілі вязняў нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым-Біркенаў.
На тэрыторыі Беларусі за 1941-1944 гады нацысты правялі больш за 140 буйных карных аперацый, было спалена больш за 9 тысяч вёсак, былі разбураны і разрабаваны 209 з 270 беларускіх гарадоў, амаль 3 мільёны чалавек страцілі прытулак, у Германію вывезлі амаль 400 тысяч чалавек, у месцах прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва было знішчана 1,4 мільёна чалавек.
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці нацыстамі было створана 55 месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва: 40 гета, 7 турмаў, 7 лагераў для ваеннапалонных, 1 зборны пункт. У месцах прымусовага ўтрымання насельніцтва былі знішчаны не менш як 105 тысяч чалавек, больш за 26 тысяч вывезены ў Германію і лагеры смерці.
У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час, ініцыяванага Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у красавіку 2022 года, было знойдзена яшчэ больш раней невядомых месцаў прымусовага ўтрымання. Людзі, якія загінулі ў лагерах і гета, сталі нявіннымі ахвярамі фашызму.
Запрашаем пазнаёміцца з адкрытым праглядам літаратуры «Рэха вайны. Халакост на Гродзеншчыне», які дзейнічае ў аддзеле краязнаўства (вул. Карбышава, 17, каб. 108).