Вянком абвіты юбілей

У белым доме ля сіняй бухты, 
Я не самотны, я кнігу маю…

Максім Адамавіч Багдановіч стаў адной з першых зорак на небасхіле нацыянальнай паэзіі і застаецца лепшым крытыкам і гісторыкам беларускай літаратуры, яе класікам і перакладчыкам.

У бягучым годзе святкуецца 110-годдзе з часу выдання яго адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў “Вянок” (1913 г.), прысвечанага Сяргею Палуяну. Спецыяльна да гэтай падзеі і да дня нараджэння аўтара ў аддзеле абанемента арганізавана інфармацыйна-ілюстрацыйная экспазіцыя з цыкла выстаў адной кнігі “Вянок паэтычнай спадчыны Максіма Багдановіча”, якая раскрывае жыццёвыя старонкі і творчыя дасягненні знакамітага беларуса. Паэт першым паспрабаваў розныя формы вершаў, у тым ліку: санеты, трыялеты, ронда, якія сталі сапраўднай навацыяй і адметнай часткай духоўнай культуры народа.

Экспазіцыя ўяўляе сабой дэманстрацыю розных выданняў “Вянка”: факсімільныя, выданні на рускай мове, мініяцюрнае выданне; зборы твораў, у якія ўключаны выбраныя вершы.

Да 110-годдзя “Вянка” выйшла манаграфічнае даследаванне Максімовіча “Эстэтыка творчасці Максіма Багдановіча” (2023 г.), якое паступіла ў фонд бібліятэкі зусім нядаўна. У манаграфіі з улікам найноўшых дасягненняў багдановічазнаўства ўзнаўляецца непаўторнае творчае аблічча класіка беларускай літаратуры, раскрываецца адметнасць яго светапогляду, эстэтыка слова, моц мастацкага таленту.

Таксама хочацца адзначыць наяўнасць найноўшага зборніка “Вянок” ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2023 г. У яго ўвайшла ўся лірыка Багдановіча, уключаная ў “Вянок”, з захаваннем храналагічнай паслядоўнасці першакрыніцы.

Да выставы адной кнігі, што стала адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства, у першую чаргу, раім звярнуцца настаўнікам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, студэнтам-філолагам, а таксама ўсім прыхільнікам пісьменства: вул. Карбышава, 17 (каб. 201).