Пачынаецца ўсё з любві: 75-годдзе з дня нараджэння Я. Янішчыц

“Палеская ластаўка”, “палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” – так называюць у нашай літаратуры выдатную паэтку Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна пакінула за сваё нядоўгае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся. Постаць Яўгеніі Янішчыц – з шэрагаў знакавых асоб Беларусі.
Яе вершы закранулі струны ў душы класікаў беларускай літаратуры – Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, якім Янішчыц дасылала свае творы. Будучы яшчэ вучаніцай, маладая паэтка атрымала ліст ад Ніла Гілевіча. Гэта была свайго роду сенсацыя. Усе ў школе прыйшлі, каб убачыць і прачытаць гэты ліст. У далейшым яны не толькі перапісваліся, але і сябравалі.
Паэтка, якая доўгія гады нават пасля смерці застаецца ў ліку самых таленавітых жанчын у беларускай літаратуры. Яе любяць, помняць, яе вершы чытаюць і перачытваюць, вывучаюць. Трагічная і разам з тым надзвычай светлая постаць Яўгеніі Янішчыц назаўсёды будзе зіхацець яркай зоркай на небасхіле беларускай паэзіі, жыць у сваіх кнігах і ў памяці сучаснікаў.
Яна пайшла з жыцця, пакінуўшы шчырыя, шчодрыя, багатыя рознымі адценнямі вершы. Пайшла зусім маладой. І паспела за адведзены ёй час прывязаць да ўласных адкрыццяў чытача.
С вершамі выдатнай беларускай паэткі вы можаце азнаёміцца ў юнацкім філіяле па адрасе: вул. Ажэшкі, 17.