Пафестывалілі!

Вось-вось скончыцца восень, але калейдаскопам яркіх уражанняў ад галоўнай кніжнай падзеі першых дзён залатой пары года – ХХХ Дня беларускага пісьменства – бібліятэкары вырашылі падзяліцца з усімі аматарамі чытання.
У 2023 годзе юбілейны Дзень беларускага пісьменства прыняў г. Гарадок Віцебскай вобласці – малая радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай беларускай сатырычна-гумарыстычнай паэмы “Тарас на Парнасе”. Упершыню на “Фестываль кнігі і прэсы” былі запрошаны вядучыя бібліятэкі абласных цэнтраў Беларусі з тэматычнымі выставамі гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Галоўная кніжніца Прынёмання прадставіла на мерапрыемстве свой унікальны выставачны праект “Кніжны свет Гродзенскага краю”. Гасцям ХХХ Дня беларускага пісьменства было прапанавана больш за 100 экзэмпляраў тэматычнай літаратуры выдавецкіх праектаў Гродзеншчыны, выданні і інфармацыя аб мінулых гарадах-сталіцах свята (аб Навагрудку, Міры, Смаргоні, Шчучыне, Слоніме) і багаты кнігазбор мясцовых творцаў слова.
У аддзеле абанемента арганізавана тэматычная экспазіцыя “ПІСЬМЕННІК. ВЫДАВЕЦТВА. БІБЛІЯТЭКА”, якая змяшчае фотакалажы з адлюстраваннем: сустрэч з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, творчымі асобамі, літаратарамі, журналістамі і выдаўцамі з розных куткоў краіны; прэзентацый новых кніг пісьменнікаў; аўтограф-сесій і ўручэння кніжных падарункаў, якія папоўнілі фонд нашай бібліятэкі.
Экспазіцыя размешчана ў аддзеле абанемента і даступная ўсім карыстальнікам для прагляду па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.