Яскравыя кніжныя зоркі
Сапраўднае свята кнігі для маленькіх і дарослых чытачоў зладзілі супрацоўнікі абласной бібліятэкі сумесна з выдавецкім домам “Звязда”. Прэзентацыя адразу дзвюх новых выданняў і сустрэчы з іх аўтаркамі сабралі ў галоўнай кніжніцы шматлікую аўдыторыю.
У захапляльную вандроўку на фантастычную планету Вухуцію вырушылі юныя госці дзіцячага філіяла разам з вядомай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой і яе новай кнігай “Палёт на Вухуцію”. Неверагодныя прыгоды чакалі маленькіх чытачоў на кожнай старонцы касмічнай казкі, дзеці вучыліся размаўляць на вухуцкай мове, выконвалі шматлікія заданні ад Вухуціка і, канешне, зрабілі арыгінальныя фотаздымкі з Кацярынай і героямі яе казак.
“Санта-Барбара адпачывае!” – так гавораць пра новую кнігу “Жыццёвыя путы” старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Кебіч. Пазнавальныя аповесці на лёгкай гутарковай мове пра родны горад і ваколіцы, пра рэальныя лёсы рэальных людзей, гістарычныя падзеі і сапраўднае каханне. Людміла Антонаўна – чалавек бязмежна закаханы ў наш край, у сваю малую радзіму, і вобразы з новай кнігі лепшае гэтаму пацвярджэнне. Павіншаваць пісьменніцу з выхадам другой празаічнай кнігі прыйшлі калегі з Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскага літаратурнага аб’яднання “Надежда”, а таксама сябры і ўдзячныя чытачы.
Сустрэчы з пісьменнікамі – гэта заўсёды асаблівы дзень для бібліятэкі. Шчыра дзякуем выдавецкаму дому “Звязда” за знаёмства чытачоў з чароўным светам беларускай літаратуры.