“Бібліятэчны свет” з Гродзенскай навуковай бібліятэкай
Супрацоўнікі абласной бібліятэкі дзеляцца вопытам з калегамі па прафесіі і ўсімі зацікаўленымі кніжнай сферай. У новым выпуску часопіса “Бібліятэчны свет” загадчык дзіцячага філіяла Святлана Арлюк адкрывае таямніцу сваёй працы. У яе артыкуле “Кніжныя дэсанты: сацыяльная партнёрства дзіцячай бібліятэкі з дашкольнымі ўстановамі горада” распавядаецца пра нестандартныя формы ўзаемадзеяння чытача і кнігі.
На прыкладзе праекта “Кніжныя дэсанты” Святлана Аляксандраўна падрабязна разглядае магчымасці распаўсюджвання чытання, акрэслівае шматграннасць праграмы. Супрацоўнікі дзіцячага філіяла наведалі многія дзіцячыя садкі горада – каля 30 устаноў. На мерапрыемствах дашкалята знаёмяцца з літаратурай фонду, спрабуюць свае сілы ў пазнавальных гульнях. Праект бібліятэкі мае інтэрактыўны характар: дыялог з маленькімі чытачамі спалучаецца з дыдактычнымі і мастацкімі элементамі. Таксама ўвага надаецца стварэнню камфортнай інклюзіўнай прасторы.
Падобнага роду сацыяльнае партнёрства бібліятэкі з установамі горада добра ўплывае на папулярызацыю кнігі, адукацыю і выхаванне маладога пакалення.