Шляхам жыцця – у вечнасць

Янка Купала – класік беларускай літаратуры, акадэмік і першы народны паэт Беларусі. Яго творчасць – вялізная колькасць паэтычных, драматургічных і публіцыстычных твораў, у кожным радку якіх адлюстравана Беларусь ва ўсёй сваёй прыгажосці і самабытнасці.
У 2023 годзе з часу выдання трэцяга зборніка вершаў Янкі Купалы “Шляхам жыцця” спаўняецца 110 гадоў. Да гэтай падзеі бібліятэкары аддзела абанемента падрыхтавалі выставу адной кнігі “Святло нязгаснага купалаўскага слова”. Экспазіцыя змяшчае факсімільнае выданне зборніка і энцыклапедычныя выданні пра жыццё і творчасць знакамітага беларускага пісьменніка.
Цэнтральнае месца ў кнізе займае вобраз мужыка і зямлі, на якой ён жыве. Зборнік стаў узорным, класічным па багацці сваіх мастацкіх формаў і культуры верша. “Шляхам жыцця” ўключае больш за 200 вершаў, напісаных пераважна ў 1910-1913 гадах, шэраг перакладаў і некаторыя творы з “Жалейкі” і “Гусляра”. У свой час рукапісны зборнік класіка мог прынесці аўтару Нобелеўскую прэмію.
Кніга народнага паэта цешыць душу кожнага шчырага беларуса. На думку Антона Луцкевіча, “гэта ўжо сур’ёзны здабытак беларускай літаратуры… “Шляхам жыцця” ідзе Я. Купала, але ў кніжцы яго відаць, што той шлях цягнецца далёка-далёка ў будучыну, і пясняр прарочым словам прымушае верыць, што, ідучы сваей дарогай, мы дойдзем урэшце да лепшай долі”.
Унікальным упрыгожваннем экспазіцыі стаў артыкул у адным з тамоў энцыклапедыі з аўтографам аўтара: кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы і чытача абласной бібліятэкі Аліны Эдмундаўны Сабуць.
Пазнаёміцца з выставай, прысвечанай юбілею паэтычнага зборніка песняра беларускай зямлі, запрашаем у аддзел абанемента: вул. Карбышава, 17 (каб 201).