Кніжны свет Гродзенскага краю на Дне беларускага пісьменства

Штогод у першую нядзелю верасня ўрачыста праходзіць Дзень беларускага пісьменства. Менавіта праз пісьмовае слова мы захоўваем і перадаем нашу культурную спадчыну наступным пакаленням.

У 2023 годзе сталіцай ХХХ Дня пісьменства стаў горад Гарадок Віцебскай вобласці, дзе нарадзіўся Канстанцін Вераніцын – аўтар знакамітага твора ХІХ стагоддзя – “Тарас на Парнасе”.

Унікальны выставачны праект “Кніжны свет Гродзенскага краю” прадставіла гасцям свята Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага. Змястоўныя прэзентацыйныя матэрыялы і літаратурныя дасягненні рэгіёну, інфармацыйныя выданні, інтерактыўныя гульні і багаты кнігазбор мясцовых творцаў слова – членаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На пляцоўцы галоўнай кніжніцы Прынёмання адбываліся сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, прэзентацыі новых кніг і аўтограф-сесіі. Дзякуючы творчым мерапрыемствам з удзельнікамі свята слова, фонд абласной бібліятэкі папоўніўся новымі выданнямі, атрыманымі з рук саміх аўтараў.