Вайна ў памяці і сэрцах

Напярэдадні знакавага свята – Дня Перамогі, які наша краіна адзначае 9 мая, у аддзеле абанемента арганізавана кніжная выстава-прагляд “1941 – 1945: Памяць – імгненне, памяць – гады”.  Творчая спадчына аўтараў ваеннага часу па праве складае залаты фонд айчыннай і сусветнай літаратуры. Патрыятызм, самаадданасць у барацьбе з ворагам, кемлівасць герояў у крытычных сітуацыях знайшлі сваё адлюстраванне ў творах А. Адамовіча, В. Быкава, М. Чаргінца, Ул. Гніламёдава, Б. Васільева, І. Шамякіна, І. Мележа і іншых таленавітых пісьменнікаў. Увазе чытачоў прапануюцца самыя пранізлівыя хранікальна-дакументальныя і ўнікальныя мастацкія кнігі пра Вялікую Айчынную вайну і несмяротны подзвіг абаронцаў Радзімы.

На праглядзе прадстаўлены і кнігі сучасных пісьменнікаў, што пішуць пра падзеі далёкага мінулага. Напрыклад, кнігі серыі “Окопная правда Победы. Романы, написанные внуками фронтовиков” – праўдзівыя гісторыі нашых сучаснікаў аб сваіх продках, простых і незаўважных героях вайны, якія ўступілі ў жорсткую сутычку з фашызмам. Абапіраючыся на ўжо даступныя архівы і сакрэтныя матэрыялы, аўтары з эмацыйнасцю і дакладнасцю аднаўляюць адыходзячую праўду. Несмяротная класіка і франтавыя нататкі сучаснікаў раскажуць усё самае важнае, дапамогуць зразумець, запомніць і ніколі не забываць.

Таксама хочацца вылучыць раздзел “Маленькія салдаты вялікай вайны”, у якім сабраны кнігі пра тое, як працавалі дзеці на заводах і фабрыках, пра дзяцей-герояў, якія ваявалі з фашыстамі на акупаванай тэрыторыі, як яны станавіліся дарослымі і дзялілі са старэйшымі ўвесь цяжар жыцця ваенных гадоў.

Запрашаем за ваенна-патрыятычнымі кнігамі ў аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.