Дзецям аб Вялікай Перамозе!

Юныя чытачы, супрацоўнікі і сацыяльныя партнёры  дзіцячага філіяла натхнёна падхапілі бібліятэчную эстафету памяці абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Ф. Карскага, прысвечаную Дню Вялікай Перамогі.

“Кніжны дэсант” наведаў дзіцячы садок №42 з літаратурна-пазнавальнай праграмай “Праўнукам слаўнай Перамогі” і крэатыўнай лабараторыяй ЛЕГА. Дашкаляты пабывалі на ўроку мужнасці, пабудавалі з ЛЕГА тэхніку вялікай Перамогі і пасляваенныя мірныя гарады. У госці да маленькіх чытачоў прыехала і кніжная выстава дзіцячых выданняў.

Выхаванцы дзіцячага садка №25 прынялі ўдзел у інтарактыўным занятку “Тэхніка Перамогі” і пазнаёміліся з літаратурнай выставай “1941-1945: Памяць-імгненне і памяць-гады”.

Ліст аднагодку з 1945-га пісалі разам з бібліятэкарамі вучні гімназіі №10 імя Мітрапаліта Філарэта. Падлеткі даведаліся пра палявую пошту, разважалі аб знешнім выглядзе ліста з фронта і яго змесце. Кожны з удзельнікаў сустрэчы меў магчымасць скласці свой асабісты ліст у 1945 год са словамі падзякі за неўміручы подзвіг дзяцей вайны.

Навучэнцы старэйшых класаў спецыяльнай школы здзейснілі медыяпадарожжа “Беларусь: гісторыя Перамогі” і намалявалі паштоўку да Свята 9 Мая.

Бібліятэчная эстафета памяці працягваецца. Новыя мерапрыемствы чакаюць вас у абласной бібліятэцы.

Далучайцеся!