«Родныя вобразы» маладых мастакоў
Супрацоўніцтва ў рамках творчага праекта «ART-прастора на Карбышава» працягваецца! Урачыстае адкрыццё выставы «Родныя вобразы», на якой прадстаўлены дыпломныя і курсавыя работы студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта кафедры выяўленчага мастацтва факультэта мастацтваў і дызайну, адбылося ў абласной бібліятэцы. Наведвальнікі атрымалі сапраўдную асалоду ад экспазіцыі, наскрозь працятай нацыянальным каларытам, прыгажосцю і чароўнай цеплынёй роднага краю.
Загадчык кафедры выяўленчага мастацтва Анатоль Іванавіч Бурчык адзначыў важнасць такіх выстаў для пачынаючых мастакоў і распавёў пра задуму карцін. Словы падзякі ў адрас арганізатараў накіравала намеснік дэкана факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Наталля Паўленка, якая падкрэсліла, што выставачная пляцоўка ў бібліятэцы дае магчымасць маладым мастакам не толькі паказаць свой талент шырокай аўдыторыі, але таксама імкнуцца ўдасканальваць свае веды і навыкі ў мастацкай дзейнасці.
Убачыць «Родныя вобразы» ў выкананні таленавітых гродзенцаў можна да 1 мая ў галоўным корпусе бібліятэкі па адрасе: вул. Карбышава, 17 (2 паверх).