Свята беларускай мовы

“Мілагучная, пявучая, матчына”, – так пяшчотна пішуць пра беларускую мову паэты і пісьменнікі.

21 лютага адзначаўся Дзень роднай мовы. Да гэтага свята абласная бібліятэка прымеркавала шэраг цікавых мерапрыемстваў.

Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці сумесна з універсальнай чытальнай залай зладзілі бібліятэчныя гульні розуму. Навучэнцы каледжа камунальнай гаспадаркі мелі магчымасць патрапіць у падарожжа па беларускай зямлі. Юнакі ўзгадалі факты з жыцця знакамітых асветнікаў, удзельнічалі ў віктарыне і праявілі свой творчы патэнцыял – напісалі верш на роднай мове.

Аддзел краязнаўства запрасіў сярэднюю школу № 40 і ўніверсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій на інфармацыйную гадзіну “Слова роднае, слова слаўнае”. Госці даведаліся пра гісторыю кнігадрукавання на Беларусі і дакладна на Гродзеншчыне, а таксама прынялі ўдзел у гульнях, разгадалі крыжаванку і пазнаёміліся з рэдкай кнігай у фондзе бібліятэкі.

Юнацкі філіял прымаў у гэты дзень выхаванцаў дзіцячага сада № 51. Дашкаляты далучыліся да майстар-класа, зрабілі і расфарбавалі закладкі для кніг. Таксама ў бібліятэку завіталі навучэнцы розных адукацыйных устаноў горада, каб пабываць на слайд-гадзіне “Які цуд – мова мая родная!”. Дадаткова госці філіяла патрапілі на экскурсію па мемарыяльным пакоі Элізы Ажэшкі і праглядзелі выставу “Чарадзеі роднага слова”, прысвечаную знакамітым асобам роднага краю.

Студэнты медыцынскага ўніверсітэта наведалі галоўны філіял кніжніцы, каб больш даведацца пра яе гісторыю – супрацоўнікі ўніверсальнай чытальнай залы на беларускай мове правялі экскурсію па будынку бібліятэкі.