Мы падхапілі тваю песню

У галоўнай кніжніцы Прынёмання адбылася ўрачыстая прэзентацыя зборнікаў пераможцаў ІV абласнога літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі. Як сапраўдныя зоркі ззялі ў гэты вечар галоўныя гераіні сустрэчы:  паэтка Таццяна Яцук прэзентавала сваю кнігу вершаў «Зоркі ў прыполе»; дзіцячая пісьменніца Таццяна Сучкова пазнаёміла аўдыторыю з казкамі, смяшынкамі і вершамі са зборніка «Сонечная карусель»; дацэнт кафедры беларускай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэту і літаратуразнаўца Аліна Сабуць перамагла з рукапісам «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзяў», якую дапамаглі прадставіць студэнты-філолагі ГрДУ імя Янкі Купалы; Кацярына Каламійцава-Ігнацюк выступіла, як аўтар адразу дзвюх кніг – зборнікаў лірыкі на рускай мове «Женщина в красном» і «Нет Никого Кроме Него». Пазнаёмілася аўдыторыя і з кнігай Алены Руцкай «Памятныя сустрэчы», рукапіс якой перамог у намінацыі «Публіцыстыка і краязнаўства».

Кранальныя і такія жаночыя творы, поўныя асабістых уражанняў і перажыванняў, аўдыторыя слухала з вялікім задавальненнем.

З віншавальным словам да пераможцаў звярнулася старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, якая падкрэсліла, што менавіта ўдзел і перамога ў конкурсе не толькі прынеслі аўтаркам новыя кнігі, але і ўзбагацілі сучасную беларускую літаратуру. Цікавым стаў сучасны погляд на прэзентаваныя зборнікі члена СПБ, паэта, публіцыста Дзмітрыя Радзівончыка.

Падтрымаць выступоўцаў прыйшлі іх родныя і блізкія, навучэнцы і калегі, а святочны настрой падараваў прысутным калектыў «Гарадзенцы» пад кіраўніцтвам Валерыя Кручкова.

Абласная бібліятэка ганарыцца, што свае лепшыя творы і кнігі нашыя таленавітыя гарадзенскія пісьменнікі ўпершыню прадстаўляюць публіцы менавіта тут. Шчыра дзякуем і віншуем пераможцаў!