Майстру эпатажнага жанру – 215

Адной з самых загадкавых у беларускай гісторыі з’яўляецца біяграфія выбітнага пісьменніка, драматурга і грамадскага дзеяча – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Навукоўцы дагэтуль вядуць спрэчкі пра сапраўднасць яго імя, дваранства, аўтарства галоўнага твора і нават даты нараджэння і смерці. Аднак у адным іх меркаванні сыходзяцца – геніяльнасць нашага суайчынніка бясспрэчная.

Сёлета, 4 лютага, з дня нараджэння пачынальніка беларускага нацыянальнага тэатра мінула 215 гадоў. Гэту падзею супрацоўнікі аддзела абанемента вырашылі адзначыць літаратурнай экспазіцыяй “В. Дунін-Марцінкевіч – майстар эпатажнага жанру” ў рамках выставачнага праекта “Юбіляры на кніжнай паліцы 2023”. На ёй, у першую чаргу, дэманструецца шматжанравая творчая спадчына класіка беларускай літаратуры: асобнае выданне ўсіх вядомых літаратурных здабыткаў пісьменніка “Творы” (1984 г.), двухтомны акадэмічны збор твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, дзе яго паэзія і драматургія прадстаўлены на польскай мове і ў перакладзе на беларускую, кнігі “Драматычныя творы”, “Избранное”, асобнікі яго паэм, камедый і аднаактавага вадэвіля “Пінская шляхта”. Апрача мастацкіх, на выставе маюцца літаратурна-крытычныя выданні аб жыцці і творчасці драматурга, а таксама тэматычныя ілюстрацыйна-інфармацыйныя матэрыялы.

Заслугоўвае ўвагі выстаўленая своеасаблівая ілюстраваная энцыклапедыя-фотаальбом пра паэта “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, ад выдавецтва “Беларусь” (2008 г.). Альбом змяшчае фотаздымкі, малюнкі мастакоў, найбольш значныя і важныя дакументы і матэрыялы пра жыццё, працоўную дзейнасць і шматгранную творчасць выдатнага беларускага пісьменніка.

Кнігі, прадстаўленыя на выставе, будуць карыснымі як для даследчыкаў творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, спецыялістаў у навуковай, педагагічнай і культуралагічнай сферы, так і для шырокай аўдыторыі. Запрашаем пазнаёміцца з экспазіцыяй у аддзел абанемента (вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201).