Паэтычная спадчына
Паважаныя чытачы! Прапануем вашай увазе новы анлайн-праект “Паэтычная спадчына”, які дае магчымасць зберагчы ў сваёй памяці імёны вялікіх песняроў Беларусі, іх творчую спадчыну.
У рамках гэтага праекта мы пазнаёмім вас з цікавымі фактамі з жыцця і творчасці беларускіх паэтаў, а таксама ўспомнім знакамітыя радкі іх вершаў, з дапамогай гульні “Запоўні пропускі”.
Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч)
Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне ў сялянскай сям’і.
Беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец.
А ці ведалі Вы што:
- У Кандрата была выдатная памяць: сучаснікі ўспаміналі, што яму дастаткова было раз прачытаць альбо пачуць нешта – і ён мог паўтарыць. Магчыма, гэта дазволіла хлопцу экстэрнам здаць экзамены на народнага настаўніка.
- Крапіва захапляўся гульнёй у шахматы. Нават вывучаў складаныя гросмайстарскія задачы. Ён меркаваў, што гэта добрая трэніроўка для інтэлекту, памяці.
- Кандрат Кандратавіч – майстар эпіграмы. Жанр небяспечны, таму Крапіва не заўсёды афішаваў аўтарства, часцей за ўсё падпісваўся “Акадэмік”.
- Пісьменнік вельмі шанаваў традыцыі, адна з іх – сямейныя чытанні. Ён любіў чытаць новую п’есу ці байкі, чакаў жывой рэакцыі ад сваіх родных, каб слухалі і нешта гаварылі, рабілі заўвагі.
- У 1996 годзе ў гонар Кандрата Крапівы ў Беларусі выпушчана паштовая марка.
Зараз давайце ўспомнім байку Кандрата Кандратавіча “Дыпланаваны баран”!
Пятро Глебка (Пётр Фёдаравіч Глебка)
Пятро Глебка (Пётр Фёдаравіч Глебка) нарадзіўся 6 ліпеня 1905 г. у вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Беларускі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН Беларускай ССР (1957 г., член-карэспандэнт з 1950 г.). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934 г.).
Пра яго творчасць Якуб Колас зазначыў: “Паэзія Пятра Глебкі простая, сціплая і мужная. Сапраўднае хваляванне не патрабуе ўпрыгожвання, яно ідзе з сэрца, і ў гэтым магутная сіла ўздзеяння паэзіі”.
А ці ведалі Вы што:
- Сяброўства Глебкі з Петрусём Броўкам ператварылася ў плённае супрацоўніцтва, у выніку якога ў беларускай літаратуры з’явіўся новы аўтар – Лукаш Бандылевіч – сумесны псеўданім Глебкі і Броўкі.
- У складзе беларускай дэлегацыі паэт чатыры разы прымаў удзел у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН.
- Пятро Глебка збіраў сваю бібліятэку на працягу ўсяго жыцця, пачынаючы з 1930-х гадоў. Кніжная калекцыя паэта налічвае больш за 3 тысячы экзэмпляраў выданняў. Цікава і тое, што кнігі з калекцыі пісьменніка пазначаны экслібрысамі.
- Апошняй кнігай, якую трымаў у сваіх руках Пятро Глебка, была кніга пад назвай “Гаючыя якасці пчалінага мёду”: ён настолькі цікавіўся гэтай тэмай, што займаўся пчалярствам, меў на сваім дачным участку пчальнік.
- Глебка прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці (БНТ). Ініцыяваная ім серыя БНТ налічвае каля 50 тамоў твораў традыцыйнай культуры.
Зараз давайце ўспомнім верш Пятро Глебкі “Дрыжаць у шэрані бярозы”!
Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько)
Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько) – нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і.
Пісьменнік шматграннага таленту, ён праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным стаў як дзіцячы пісьменнік.
А ці ведалі Вы што:
- У роднай вёсцы Цімох скончыў тры класы мясцовай школы, экстэрнам здаў экзамен за чацвёрты клас у суседняй сямігодцы, але далей вучыцца не давялося. Хлопец стаў вучыць дзяцей мясцовага хутараніна за харчы і невялікую плату. Таксама пазнаваў кавальскую справу ў кузні свайго суседа.
- Вершы будучы паэт пачаў пісаць, калі яшчэ вучыўся ў другім класе. Але толькі ў 1928 годзе яго першы верш “На чоўне сабраўся ў бязмежную даль” пабачыў свет.
- Казку “Вавёрчына гора” Васіль Вітка склаў, а потым напісаў, каб падбадзёрыць свайго сына, які ўтаміўся, ідучы пешшу ў вёску да бабулі.
- Васіль Вітка – уладальнік Міжнароднага дыплома імя Г.Х. Андэрсена, а таксама яго імя занесена ў ганаровы спіс вялікага дацкага казачніка.
Зараз давайце ўспомнім верш Васіля Віткі “Беларусь”!
Ніл Сымонавіч Гілевіч (1931-2016 гг.)
Ніл Сымонавіч Гілевіч (1931-2016 гг.) – беларускі паэт, літаратуразнаўца, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч, Народны паэт Беларусі, Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1954 года.
Нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. “Мая малая радзіма, – сцвярджаў пісьменнік, – гэта заходне-паўночны куток Лагойшчыны, самы, бадай, прыгожы на тэрыторыі ўсяго раёна. Самы “гарысты”, з рэзкімі перападамі паверхні, парэзанай равамі і лагчынамі, атулены лясамі і пералескамі. У краязнаўчай кніжачцы “Лагойскі раён”, выдадзенай у 1928 годзе, напісана, што гэта “наша беларуская Швейцарыя””.
А ці ведалі Вы што:
- Поўнае імя пісьменніка – Нінел. Калі чытаць гэтае імя наадварот, то атрымліваецца – “Ленін”. У будучыні паэт змяніў сваё імя, скараціўшы яго да Ніл.
- Яго першая прафесія – паштальён. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны ён уладкаваўся працаваць паштальёнам у калгасе.
- Пісаць вершы Гілевіч пачаў у дзевяцігадовым узросце, а першы надрукаваны верш “Яблынька” – з’явіўся ў часопісе “Бярозка” ў 1946 годзе.
- Шматлікія лірычныя вершы паэта пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі такімі, як Багатыроў, Глебаў, Зарыцкі, Захлеўны, Пятрэнка, Ханок і інш.
- Акрамя творчай дзейнасці Ніл Сымонавіч займаўся перакладамі. Пераклаў звыш 400 твораў з балгарскай, рускай, сербахарвацкай, лужыцкай моў. Але большую перавагу аддаваў балгарскай літаратуры.
Зараз давайце ўспомнім верш Ніла Гілевіча “Родная мова”.
Яўгeнiя Іосіфаўна Янiшчыц (1948-1988 гг.)
Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц (1948-1988 гг.) – нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці – Марыя Андрэеўна, бацька – Іосіф Сцяпанавіч працавалі ў калгасе. Родная вёска, палескі край і яго прырода, вобразы бацькоў і аднавяскоўцаў назаўсёды сталі галоўнай крыніцай натхнення паэтэсы.
А ці ведалі Вы што:
- Свой першы верш Яўгенія напісала ў 4 класе і прысвяціла маме, але настаўнікі не паверылі, што сама стварыла. Праглядзелі ўсе кніжкі, часопісы, каб знайсці, адкуль спісала.
- За лепшыя вершы, пераданыя абласным радыё ў радыёчасопісе “Піянерыя”, ёй прысудзілі першую прэмію.
- Паэтка хацела мець для першай кнігі чырвоную вокладку, але ў чырвонай выйшла першая кніга Ніны Мацяш. Для сваёй кнігі Янішчыц выбрала колер неба – блакітны.
- Вершы Яўгеніі Іосіфаўны перакладзены на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую мовы. На словы паэтэсы кампазітары Р. Давыдаў, Ю. Семяняка, М. Юрко напісалі песні.
- У гонар Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча адкрылі Літаратурны музей, а таксама яе імя носіць цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца ў Пінску.
Абласная бібліятэка раіць разам з віктарынай успомніць верш Яўгеніі Іосіфаўны “Ты пакліч мяне. Пазаві…”
Пімен Емяльянавіч Панчанка (1917-1995 гг.)
Пімен Емяльянавіч Панчанка (1917-1995 гг.) – нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі (цяпер – Талін).
Пімен Панчанка – лаўрэат літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959 г.) за “Патрыятычную песню”, узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы (1967 г.) за кнігу вершаў “Пры святле маланак”, Дзяржаўнай прэміяй СССР (1981 г.) за кнігу вершаў “Где ночует жаворонок” (1979 г.).
А ці ведалі Вы што:
- Усё дзяцінства Пімен правёў на прыродзе, у лесе. Суправаджаў бацьку, які працаваў лесніком. Усё жыццё Панчанка лічыў лес месцам сваёй сілы.
- Падчас жыцця ў Бабруйску працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, але вырашыў звязаць жыццё з педагогікай.
- Быў ахвочы да чытання. Вядома, што за час інстытута перачытаў усю абавязковую праграму ды ўвесь час імкнуўся адшукаць рэдкія кнігі.
- Два гады падчас вайны правёў у Іране, што стала падставай для твора “Іранскі дзённік”.
- Пэўны час Пімен Панчанка ўзначальваў часопіс “Маладосць”. Актыўна падтрымліваў беларускіх пісьменнікаў.
- У канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка жыў у вельмі цяжкіх матэрыяльных абставінах. Калі іншыя пісьменнікі неяк прыстасаваліся, то для Панчанкі гэты перыяд стаў вельмі цяжкім у матэрыяльным плане.
- Любіў распавядаць і прыдумваць анекдоты.
- Ідэі і радкі вершаў маглі прыйсці да аўтара ў любы момант і тады ён клікаў жонку, каб яна запісала іх.
Давайце праверым, як добра вы памятаеце верш Пімена Панчанкі “Той дзень прапаў і страчаны навекі”.
Рыгор Іванавіч Барадулін
Рыгор Іванавіч Барадулін (1935-2014) – нарадзіўся 24 лютага 1935 на хутары Верасоўка, Ушацкага раёна, Віцебскай вобласці, вядомы таксама як Дзядзька Рыгор, беларускі паэт, эсэіст і перакладчык.
Рыгор Барадулін быў актыўным членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра.
А ці ведалі Вы што:
- Ад маці і бабулі Маланні засвойваў Рыгор беларускую народную мову, паазерскі фальклор. Мова — гэта ад маці, прызнаваўся паэт. І дадаваў: яна была для яго самым значным філолагам.
- У 1954 годзе Рыгор скончыў школу і вырашыў паступаць на філалагічны факультэт БДУ. Але грошай у сям’і не хапала, таму маці прадала цялушку, каб сын здолеў паехаць у Мінск.
- Творы Барадуліна перакладзены на 38 моў, сярод якіх хіндзі, цыганская, ідыш, мангольская, тамільская і іншыя.
- Рыгор Барадулін – нястомны падарожнік. У розны час і з розных нагод ён наведаў многія краіны свету: Польшчу і Балгарыю, Швецыю і Італію, Латвію і Кубу.
- У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў “Ксты”.
Вы добра ведаеце верш Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”? Праверым!
Пятрусь Броўка (1905-1980 гг.)
Пятрусь Броўка (1905-1980 гг.) – нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Пётр Усцінавіч (Пятрусь) – паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт БССР, акадэмік АН БССР, заслужаны дзеяч навукі БCCP, Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін Мінска.
А ці ведалі Вы што:
- З маленства Пятрусь рос працавітым і руплівым і ўжо з сямі гадоў бацька аддаў яго пасвіць кароў і коней.
- У 9-летнім узросце быў адным з нешматлікіх у вёсцы, хто ўмеў пісаць. Праз гэта па просьбе сялянак, мужы якіх былі на фронце, пісаў салдатам лісты.
- Падчас вайны маці паэта стала сувязной у партызанскім атрадзе Лабанка. Яе схапілі і адправілі ў Асвенцым. Там яна пайшла ў газавую камеру замест маладзенькай дзяўчынкі. Пятрусь Броўка напісаў пра гэта паэму “Голас сэрца”.
- 18 жніўня 1926 года на старонках “Чырвонай Полаччыны” быў надрукаваны першы верш Броўкі “Ой, не шапчы, мая бярозка…”. Гэты дзень з’яўляецца днём нараджэння Броўкі-паэта, які некаторыя свае творы падпісваў псеўданімам – Юрка Баравы.
- Пятрусь Броўка – выдатны лірык, ягоныя вершы неаднойчы рабіліся песнямі. Напрыклад, “Александрына”. Ёсць версія, што верш прысвечаны актрысе віцебскага Коласаўскага тэатра Зінаідзе Канапельцы, у якую ў маладосці быў закаханы паэт.
Нагадаць верш Пятруся Броўкі “Каб толькі не было вайны” можна з дапамогай віктарыны.
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) – народны паэт Беларусі, пісьменнік і перакладчык – нарадзіўся 17.09.1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
А ці ведалі Вы што:
- Акрамя самага вядомага псеўданіма аўтар меў яшчэ і іншыя: Аўгень Бура і А. Граніт.
- У школьныя гады аўтар захапляўся маляваннем: маляваў нацюрморты, пейзажы, рабіў рэпрадукцыі з карцін і паштовак.
- Паэт афіцыйна так і не атрымаў скончанай сярэдняй адукацыі, не было ў яго і вышэйшай. Аднак дзякуючы самаадукацыі стаў адным з самых адукаваных і інтэлектуальных паэтаў, акадэмікам НАН Беларусі (1968).
- Максім Танк бліскуча гуляў у карты (кароль прэферанса), у яго была выключная памяць.
- У 1987 годзе Максім Танк стаў ганаровым грамадзянінам Мінска, а да яго стагоддзя Нацыянальны банк Беларусі выпусціў памятную манету.
- Максім Танк вельмі любіў жонку. Памерлі яны за адзін год. Калі Любоў Андрэеўна пайшла з жыцця ў сакавіку 1995-га, яе крэміравалі, а урну з прахам паэт паставіў у тумбачку ля ложка. Пісьменніка не стала праз чатыры месяцы, урну паклалі да яго ў труну і пахавалі ў адной магіле на радзіме Танка ў Пількаўшчыне.
Зараз давайце ўспомнім верш Максіма Танка “Родная мова”.
Максім Багдановіч
Максім Багдановіч (1891-1917) – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык.
Максім Багдановіч – адна з самых цікавых і загадкавых асоб у гісторыі. Ён быў з тых першаадкрывальнікаў, хто фарміраваў напрамкі развіцця літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя і моцна паўплываў на далейшае развіццё прыгожага пісьменства Беларусі, хоць з дваццаці пяці гадоў свайго жыцця ён толькі пяць пражыў на Радзіме.
А ці ведалі Вы што:
- На думку бацькі Адама Ягоравіча паэтычны талент Максіма ёсць дарэнне яго маці, у ёй самой драмаўшае ў неразвітым стане.
- Малы Максім іначай не засынаў, як пад калыханне на руках, а неўзабаве стаў патрабаваць, каб з ім танцавалі, і бедныя бацькі проста выбіваліся з сіл ад гэтай яго ранняй схільнасці да рытму.
- Калега Багдановіча па гімназіі згадваў дзіўную асаблівасць памяці Максіма Багдановіча: ён мог імгненна завучваць на памяць і прозу, і паэзію, але яму цяжка давалася вывучэнне замежных моў.
- Творы Багдановіча былі перакладзены на дваццаць моў свету: англійскую, іспанскую, нямецкую, рускую, польскую, французскую, венгерскую і іншыя.
Зараз давайце ўспомнім верш Максіма Багдановіча “Па-над белым пухам вiшняў”.
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) – нарадзіўся 22 кастрычніка (3 лістапада) 1882 г. ў засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні.
Якуб Колас – народны паэт Беларусі, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.
А ці ведалі Вы што:
- Зборнік вершаў Якуба Коласа пабываў у космасе, яго браў з сабой у палёт у 1975 годзе першы беларускі касманаўт Пётр Клімук.
- Нашчадкі Якуба Коласа па жаночай лініі не мяняюць прозвішча Міцкевіч, выходзячы замуж. Такая традыцыя – даніна памяці продку.
- Любімым заняткам Якуба Коласа быў збор грыбоў. Самымі любімымі грыбамі прызнаваў чорнагаловыя баравікі-прыгажуны.
- Пісьменнік пасадзіў 4 дубы ў гонар сваіх трох сыноў і самога сябе, а таксама бярозку як вечную памяць пра жонку Марыю Дзмітрыеўну. Гэтыя дрэвы дагэтуль растуць у двары беларускага песняра, цяпер гэтае месца – музей.
- У 1908-1911 гг. класік адбываў турэмнае зняволенне ў Пішчалаўскім замку, дзе працаваў бібліятэкарам і нават кухарам.
- 9 – любімая лічба пісьменніка.
Давайце ўспомнім верш Якуба Коласа «О, край родны, край прыгожы!..» з паэмы «Сымон-музыка».
Тых, хто жадае больш падрабязна даведацца пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, чакаем у бібліятэцы.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч)
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) – нарадзіўся 25 чэрвеня (старога стылю) 1882 г. непадалёк ад Радашковіч Вілейскага павета, у фальварку Вязынка.
Янка Купала – геніальны беларускі паэт, непаўторны майстар мастацкага слова, глыбіня Купалаўскай спадчыны невымерная.
А ці ведалі Вы што:
- Бяларуцкае народнае вучылішча Янка Купала скончыў за адну зіму, бо шмат чытаў і ведаў больш, чым патрабавалася праграмай. Вучыў сваіх сясцёр грамаце і быў іх першым настаўнікам.
- Апрача кніжак малады Ясь (Янка Купала) захапляўся музыкай. У дзяцінстве вучыўся іграць на скрыпцы і дудачцы.
- У кнізе «А хто там ідзе?»: на мовах свету», сабраны тэксты легендарнага верша беларускага песняра на 101 мове народаў свету.
- Каб атрымаць шахматы, якія былі вельмі дарагімі на той момант, Янка Купала абмяняў на іх свае каштоўныя рэчы. Паэт быў аматарам “гульні у конікі” (так называў гульню ў шахматы сам паэт), а любімым апанентам быў Якуб Колас.
- Усё жыццё Янка Купала вельмі трапятліва ставіўся да свайго аблічча. Ён ніколі не выходзіў на вуліцу, не апрануўшы старанна выпрасаваны касцюм і гальштук. Таксама ён заўсёды насіў з сабой кіёк.
Зараз давайце ўспомнім верш Я. Купалы “Спадчына”.
А калі вы хочаце больш падрабязна пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Янкі Купалы будзем рады бачыць у бібліятэцы.