Калядны цуд з бібліятэкай

Сяброўства ўстаноў культуры працягваецца! Гродзенская абласная бібліятэка завітала ў госці да ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”.

26 снежня супрацоўнікі бібліятэкі наведалі незвычайныя выставы ў першай дэманстрацыйнай зале Беларусі. Прагляд пачаўся з персанальнай экспазіцыі Сняжаны Віцецкай “ЯНА”. Усе работы выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу. Асноўная тэма выставы – жаночы вобраз. Мастачка адлюстроўвае паняцце “прыгажосць” праз вобразы дзяўчат, жанчын.

Падарожжа ў свет творчасці працягнула выстава “Души и рук творенье”. На экспазіцыя прадстаўлены работы юных майстроў з Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Усе творчыя працы прымеркаваны да Калядных свят. Супрацоўнікі бібліятэкі мелі магчымасць прагледзіць разнастайныя варыянты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Для экспазіцыі “Хрупкое чудо” бібліятэкары сталі першымі наведвальнікамі. “Хрупкое чудо” – выстава, створаная гродзенскай сям’ёй Зубакіных, дзе яны паказваюць жадаючым сваю прыватную калекцыю старых елачных цацак і старынных паштовак. Стваральнікі экспазіцыі распавялі пра розныя перыяды ў гісторыі навагодніх цацак. Адмысловым жэстам сталі падарункі для бібліятэкараў: сям’я Зубакіных падрыхтавала кожнаму гледачу выставы сучасную елачную цацку і паштоўку.

Навуковая бібліятэка удзячна метадычнаму цэнтру творчасці за магчымасць далучыцца да чароўных твораў мастацтва.