А што гэта значыць?
Паважаныя чытачы! Прапануем вашай увазе новы анлайн праект “А што гэта значыць?”, які садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы, пашырэнні яе ўжытку ў грамадстве.
З дапамогай гэтага праекта мы штотыднева будзем успамінаць беларускія словы, даведаемся пераклад на рускую мову і што яны азначаюць. А таксама пазнаёмімся з творамі беларускіх аўтараў, у якіх выкарыстоўваліся гэтыя словы.
На гэтым тыдні прапануем словы на тэму: “Горад”.
Горад
Ву́ліца (русск. пер. улица) – у населеных пунктах два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду.
“У горадзе без тралейбусаў, над імклівай няўмоўчнай ракой,
На вуліцы Касманаўтаў – хата маці маёй,
На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,
На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсьць на зямлі…”
У. Караткевіч “Вуліца Касманаўтаў”
Пло́шча (русск. пер. площадь) – незабудаванае вялікае і роўнае месца ў горадзе, вёсцы, ад якога звычайна разыходзяцца ў розныя бакі вуліцы.
“Тады, першы раз, таксама ехалі на кірмаш. Які цудоўны быў ён ёй, той кірмаш! Царква, спуск з юравіцкай гары, якая здавалася высачэзнай, страхотнай, радасць, што нарэшце спусціліся, што конь не панёс, вір столькіх людзей на плошчы, салодкая боязь застацца адной без бацькоў, згубіцца. А вакол цуды цудныя: хусткі адна за другую прыгажэйшыя, каснікі, белыя-прабелыя булкі, пернікі, абаранкі. Адзін абаранак прынёс ёй бацька – яна толькі трошкі паспытала і схавала за пазуху: шкада было адразу застацца без такога дзіва!..”
І. Мележ “Людзі на балоце”
Скрыжава́нне (русск. пер. перекресток) – месца, дзе скрыжоўваюцца дарогі, вуліцы.
“Ён абраў тут зручную мясціну пуці, дзе скончыўся насып, што пралёг па асакаватай голай балацявіне, і рэйкі ўезджанай аднапуткі беглі па жвіры амаль на ўзроўні зямлі. Гасцінец, споўзшы з пагорка, пераскакваў чыгунку і заварочваў у бок лесу, утварыўшы скрыжаванне, якое людзі некалі абгарадзілі рабымі слупкамі і паставілі два гэткія ж рабыя шлагбаумы”.
В. Быкаў “Жураўліны крык”
Святлафо́р (русск. пер. светофор) – светлавы сігнальны ліхтар з чырвоным, жоўтым і зялёным або толькі з чырвоным і зялёным сігналам для рэгулявання руху на вуліцах і дарогах.
“Загаворана пушча чаборам –
Колькі хочаш мядунак збірай!
І зялёным святлом святлафора
Галасуе спадвіжніцкі май.
Спеўна мне – між чабору і мяты,
І на гладкім асфальце,
дзе крок
Вывучае мелодыю свята,
Як найпершае слова сынок”.
Я. Янішчыц “Загаворана пушча чаборам…”
Ліхтар (русск. пер. фонарь) – асвятляльны прыбор у выглядзе шклянога футарала.
“У адзінаццаць яго клалі ў ложак. За акном, сярод лістоты, дрыжаў і гайдаўся масляны ліхтар, шапацелі лісты італьянскай таполі і далятаў з Дняпра неўразумелы начны крык шэрай чаплі.
Алесь засынаў, здаволены сабой”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Заву́лак (русск. пер. переулок) – невялікая, звычайна вузкая вуліца, якая злучае дзве іншыя, паралельныя вуліцы.
“З другога боку, загаціўшы выхад з Ростані на Старую, запоўніўшы ўвесь гэты кароткі завулак, калыхаўся натоўп гандляроў і багатых мяшчан. Гэтыя былі ўзброены лепей, але ў бойку лезці не спяшаліся. Атлусцелі. Спрыту не было ў членах. Ахвоты не было ў душах”.
У. Караткевіч “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”
Кра́ма (русск. пер. магазин) – памяшканне для гандлю.
“Гарусевіч сеў у крэсла і пачаў даваць паперы на подпіс.
– Пісьмо ў Савет Міністраў аб дадатковых асігнаваннях на будаўніцтва прадуктовых крамаў…Згодна пастановы сесіі…
Гукан зняў з пяра пазногцямі парушынку, акуратна падпісаў і прамакнуў.
– Запіска ў абком аб стварэнні новых паркаў.
Падпісаў размашыста, не чытаючы”.
І. Шамякін “Сэрца на далоні”
Архітэктура
Фальва́рак (русск. пер. господская усадьба, особняк) – невялікая сядзіба пана, хутор.
“Кастусь памаўчаў.
— У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, і купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала — як адной купай — дык і не дрэнна. Ну і што? Падзеліш — зноў бязглуздзіца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў — вучыцца, на свой хлеб. І, карыстаючыся, што зямля ёсць,— парогі абіваць”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Пала́ц (русск. пер. дворец) – вялікі і пышны будынак, які звычайна выдзяляецца сваёй архітэктурай.
“І вось віднець пачынае, святлець. Ружовыя промні сонца змрок нябесны запалілі. І бачыць Дабранега, што на агромністай залатой хмары стаіць-плыве залаты палац. Не цёмны, не дубовы, як бацькаў, а залаты, бліскучы, аж вочы слепіць. Ударыўся сокал белымі грудзьмі аб залатую хмару, нават іскры з хмары пасыпаліся, і ператварыўся ў сінявокага высокага юнака незвычайнай прыгажосці”.
Л. Дайнека “Меч князя Вячкі”
Ве́жа (русск. пер. башня) – высокае і вузкае архітэктурнае збудаванне.
“Затое трохі далей узвышаліся магутныя замшэлыя муры даўняй уніяцкай царквы з дзвюма вялізнымі стральчастымі вежамі над чатырохкутнікам змрочнай каменнай плебаніі.
І над усім гэтым вісела такая самая, як і паўсюль, брыдота запусцення: на дахах, паміж рабрыстых лат, раслі даволі вялікія бярозкі”.
У. Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”
Фартэ́цыя (русск. пер. фортификационное сооружение, укрепление; крепость) – невялікае ўмацаванне, крэпасць.
“Пачалі мы з гэтага пасёлка. Майце на ўвазе, што тры гады таму назад тут было пустое месца. Вось мы і надумаліся залажыць тут ядро, фартэцыю нашага калгаса, яго штаб. Кінуліся гуртам, перанеслі сюды будынкі шасці гаспадароў, перакроілі іх ды зрабілі адну добрую клуню, тры дамы і іншыя патрэбныя пры іх будынкі. Справа пайшла”.
Я. Колас “Адшчапенец”
Сутарэ́нне (русск. пер. подземелье; подземный переход) – памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падвал; падзямелле.
“Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда”.
У. Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”
Альта́нка (русск. пер. беседка) – летняя паркавая або садовая пабудова для адпачынку; сховішча ад дажджу ці сонца.
“У альтанцы было халаднавата і цёмна. Бледнаватыя, невыразнага колеру плямы ад шыбінак ляжалі на сценах і на падлозе. Чырвонае здавалася ледзь ружовым, сіняе — шэрым.
Алесь стаў пасярод павільёна. Азірнуўся вакол. Майка, відаць, нікуды не адыходзіла, бо апынулася за ягоной спіною і цяпер стаяла ў дзвярах, гатовая выскачыць з альтанкі і зноў бегчы. Ён зрабіў да яе крок, другі, трэці”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Зіма
Завіру́ха (русск. пер. метель, вьюга) – снежная бура, завея.
“Стаю ўначы ў завіруху —
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
І вецер гайдае ліхтар.
Што са мною — не знаю.
Сэрца трывогу б’е”.
У. Караткевіч “Стаю ўначы ў завіруху…”
Лядзя́к, лядя́ш (русск. пер. сосулька) – невялікі кавалак лёду.
“Зробіш
тры-чатыры крокі –
пабялеюць
нос ды шчокі.
І пад сонцам –
дзіўна як! –
ператворышся ў лядзяк“.
А. Вольскі “Зімовае сонца”
Гу́рба (русск. пер. сугроб) – куча снегу, намеценая ветрам.
“Па гурбах, па наспах ідучы сняжаных,
Змаглася, халодны пот цела заліў,
А рукі і ногі мароз неспыняны
Даўно замарозіў, даўно знечуліў”.
Я. Купала “Зімою”
Рукаві́цы (русск. пер. варежки, рукавицы) – род пальчатак з аддзяленнем толькі для вялікага пальца.
“Левая нага ледзь не падагнулася, ён прытрымаўся, адужаў млявасць у ёй, яшчэ накульгваючы, падаўся на райкомаўскі двор, узышоў на ганак. Паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны былі зашчэплены з сярэдзіны. Цёплай пасля рукавіцы рукой энергічна пастукаў па дошках”.
І. Мележ “Завеі, снежань”
Валё́нкі (русск. пер. валенки) – зімовы абутак з воўны, звалены ў выглядзе ботаў.
“Ледзь паспакайнела, пачула – мерзнуць калені. Холад ішоў вышэй, стаў лезці ў валёнкі. Яна пачала тупаць, біць валёнкам аб валёнак. Пашкадавала: як павольна ідзе час, як марудна цямнее – цемра неяк асцярожна, нясмела абступае. І цішыня, ад якой аж ломіць у вушах. А на дарозе – ні гуку”.
І. Мележ “Завеі, снежань”
Адлі́га (русск. пер. оттепель) – пацяпленне зімой пасля марозу павышэннем тэмпературы вышэй нуля.
“Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю – аж адбірала вочы – шырыліся палі, то мокла адліга – снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Толькі пад сам ы Новы год маразы скавалі зямлю як след і зіма стала ўладарыць адна: засцілала абшары новымі і новымі выбеленымі палотнамі, абложвала хаты і хлявы гурбамі, пераразала вуліцы белымі гарамі…”
І. Мележ “Людзі на балоце”
Вандроўка
Вандро́ўнік (русск. пер. путешественник) – чалавек, які вандруе, падарожнічае.
“Скоса зірнуў на партрэт.
– Якая была Грушанька ў «Зачараваным вандроўніку», якая Маша ў «Жывым трупе»! Спявала – плакалі людзі. І за гэта – яр. За ўсё – яр.
Адклаў файку.
– З гэтым… прыцерпеўся не прыцерпеўся, а так, прытупілася крыху… А вось з сынам… Ці назад ён трапіў, у наш дзіцячы дом? А можа, і… там. І не выключана, што нейкаму нашаму такому… Грыбку давядзецца перастрэльвацца з ім… Вось як”.
У. Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”
Намё́т (русск. пер. палатка) – будан, шацёр, палатка.
“Увечары зайшоў у намёт Уладзімір, зірнуў на Рагнеду, на старых і, не прамовіўшы слова, выйшаў. Ён з’явіўся зноў раніцай і паклікаў Рагнеду развітацца з роднымі. Яна ішла за князем, а за ёй цягнуліся старыя. Пахавальнае вогнішча было падрыхтавана на стромістым беразе над Дзвіной. На бярвёнах стаяў струг, а ў ім убачыла Рагнеда бацьку, Усяслава, Брачыслава, маці – былі яны стойма прымацаваны да калоў. Некалькі забітых бацькавых дружыннікаў ляжалі ля бартоў”.
К. Тарасаў “Тры жыцці княгіні Рагнеды”
Ма́па (русск. пер. карта) – геаграфічная карта.
“Усе маўчалі, гледзячы на мапу. Прыдняпроўе, зрэзанае сінімі стужкамі рэк, зялёнымі плямамі лясоў, цёмнымі кропкамі вёсак і гарадоў ляжала перад імі.
І таму ва ўсіх трохі сціснула дыханне, як перад першым адчайдушным крокам у ледзяную ваду Дняпра”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Валі́за (русск. пер. чемодан) – адзінка багажу, чамадан.
“Хлопцы з гарадскімі валізкамі. Апусцілі акно і крычаць дзеду, які выходзіць на вуліцу з глухога, у цямнеючых шатах дрэў, вясковага кветніка:
– Гэй, дзядзька, сядзіце ў хаце, не выходзьце на вуліцу, а то вас тралейбус задавіць.
– Або метро.
– Гы-гы-гы, – і падымаюць акно”.
У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”
Рукза́к (русск. пер. рюкзак) – заплечны рэчавы мяшок з кішэнямі.
“Тарас вярнуўся да чаргі, узяў свой рукзак. Але ўжо праз хвіліну пашкадаваў, што згадзіўся. Слава не пайшоў проста да рэстарана, а павярнуў да клуба. Наблізіўшыся, спытаў:
– Бачыш, стаяць? Шык! Мае знаёмыя. Возьмем?”
І. Шамякін “Сэрца на далоні”
Эканоміка
Пада́так (русск. пер. налог) – дзяржаўны збор з насельніцтва і прадпрыемстваў.
“– Чаму вы крычыцё, панове? – звузіўшы вочы, спытаў Вежа. – Хіба я сказаў нешта нечаканае, нешта такое, аб чым вы не думалі?
– Лухта! – крыкнуў Іван Таркайла. – Я даю мужыкам пазыкі, я адказваю за нядоімкі, за неплацеж падаткаў, што ляжаць на мужыках. Яны не вартыя таго самі, вось што”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Выда́ткі (русск. пер. затраты) – затраты на што-небудзь, расходная сума.
“Судовыя выдаткі па гэтай справе ўскласці на асуджаных пароўну і за кругавою іх адказнасцю, а пры нястатнасці ўсіх іх прыняць на кошт казны. Рэчавыя па справе доказы пакінуць пры справах. Селяніна Мацвея Астраўца лічыць апраўданым па судзе”.
Я. Колас “На ростанях”
Заро́́бак (русск. пер. заработок, заработная плата) – плата за работу.
“Дзятліха не вельмі таргавалася: ёй усё адно нінашто была тая зямля, без чалавека, без працаўніка… Тады зяўласты яе смаркач, Васіль, толькі знаў, што цягнуць за падол ды ныць: дай есці! Ён даў смаркатаму, ледзь падрасло трохі, хлеба, заробак даў – узяў нібы за пастушка, хоць які там з яго пастух быў!.. Выратаваў, можна сказаць, а яно, убраўшыся ў сілу, як аддзячыла?..”
І. Мележ “Людзі на балоце”
Прыбы́так (русск. пер. прибыль) – сума, на якую даход перавышае выдаткі.
“Зноў кажа бацька, – а пад плотам,
Зямлю купіўшы, не валяўся б,
Ды як бы жыў яшчэ! Не знаўся б
Ні з панскай ласкай, ні з панамі,
Жылі б сабе гаспадарамі.
А што за шчасце тут, спытаем?
Які прыбытак мы тут маем?”
Я. Колас “Новая зямля”
Пазы́ка (русск. пер. заём) – фінансавая аперацыя, якая заключаецца ў атрыманні грошаў у доўг на пэўных умовах.
“У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Ко́шт (русск. пер. цена) – выражаная ў грошах вартасць чаго-небудь або велічыня затрат на што-небудзь.
“Кошт жыта – 50 капеек пуд, значыцца – дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі”.
У. Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”
Дамашняя гаспадарка
Хле́ў (русск. пер. сарай, хлев) – памяшканне для жывёлы і хатніх птушак.
“Адзіны паляўнічы вёскі Шчупак Лабудовіч (у Грэблі акрамя хрышчоных імён былі і свае) зрабіў быў засаду, але мядзведзь нечакана зайшоў амаль яму ў спіну і раўнуў так, што Шчупак кінуў фузію і бег аж да вёскі. Мядзведзь разбіў стрэльбу ў трэскі і той жа ноччу зрабіў спробу ўдзерціся ў хлеў Шчупака, па ягонага каня. Нібы помсціў“.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Гумно́ (русск. пер. гумно) – вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту збожжа, а таксама пляцоўка перад гэтай будынінай.
“Ён замкнуў гумно і ўжо сабраўся ісці ў хату, калі яго гукнулі. Васіль спыніўся: на прыгуменне ішоў дробны, кульгавы Грыбок Ахрэм.
– Жыто малаціў? – сказаў ён.
– Жыто…
– Добрае? Да Каляд на хлеб і аладкі будзе?
– Ат… – паморшчыўся Васіль. – Няма нічога…”
І. Мележ “Людзі на балоце”
Сту́дня (русск. пер. колодец) – калодзеж, умацаваная зрубам вузкая і глыбокая яма для атрымання вады з ваданоснага слоя.
“Каляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой – толькі пранесеных ад студні да хаты.
Зямля памаладзела”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Ко́нь (русск. пер. лошадь) – буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў і людзей, а таксама для верхавой язды.
“– На добры лад, дык і каня запрагаць не варта было б, – казаў Лабановіч, паважваючы ў руцэ чамадан.
– Навошта ж, сынок, ты будзеш трапаць ногі? Не звярэдзіцца конь, гуляе цяпер.
Пакінуў Лабановіч грошы на дарогу, як заехаць, а рэшту, рублёў сем, аддаў мацеры”.
Я. Колас “На ростанях”
Тру́с (русск. пер. кролик) – невялікі хатні грызун сямейства заечых, а таксама яго футра.
“Зваліўшыся ў чужы сад, як з неба, я спалохаў мілую істоту. Яна карміла трусікаў. Клеткі з трусамі стаялі паўз паркан у два паверхі. Я пазнаў дзяўчыну. Дачка Савіча. Калі мы прыходзілі да хворага доктара здаваць экзамен па інфекцыйных хваробах, яна, падлетак, школьніца, падавала нам чай”.
І. Шамякін “Сэрца на далоні”
Аве́чка (русск. пер. овца) – свойская жвачная жывёла, якая дае воўну, мяса, малако.
“За гаспадарку ненарокам
Міхал на новым месцы ўзяўся:
Каня, кароўку расстараўся,
Завёў свіней, дзве-тры авечкі.
Тым часам з дому для падмогі,
Саху забраўшы і нарогі,
Антось прыехаў і на грэчку
Узняў маргоў са два папару”.
Я. Колас “Новая зямля”
Пло́т (русск. пер. изгородь) – агароджа, переважна з жэрдак.
“На суседнім двары, каля хлява, завіхаўся пры калёсах барадаты, у палатнянай доўгай сарочцы дзядзька – квачом з дзёгцем, што маслена пабліскваў ад сонца, мазаў восі. Поблізу яго, прывязаны да плота, стаяў нязграбны галавасты конь, ляніва штосьці шукаў у траве…”
І. Мележ “Людзі на балоце”
Школьныя прыналежнасці
Сшы́так (руск. пер. тетрадь) – сшытыя лісты чыстай паперы ў вокладцы.
“Першыя ўражанні знаёмства не спадабаліся маладому настаўніку, і ён, папрасіўшы выдаць пасылкі з кнігамі і сшыткамі для яго школы, развітаўся з новымі знаёмымі.
Выйшаўшы са зборнай, Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго“.
Я. Колас “На ростанях”
Ало́вак (руск. пер. карандаш) – прылада для пісьма, малявання, чарчэння – тонкая палачка графіту або сухой фарбы ў драўлянай, пластыкавай, металічнай і інш. абалонцы.
“Той жа вечар у Феньчыным сшытку пісала нешта старонках на трох і, прыхапіўшы хімічны аловак, пабегла ў Выселкі. Хутка мелася прыйсці з пашы карова, трэба было даіць, а гаспадыня знікла да поўначы. Аббегала ўсе двары ў Выселках, вярнулася ноччу маўклівая і ўзрушаная і, што-нішто зрабіўшы па гаспадарцы, павалілася спаць”.
В. Быкаў “Знак бяды”
Пэ́ндзаль (руск пер. кисточка) – пучок шчаціння, валасоў на ручцы для нанясення фарбы, клею на што-небудзь.
“Рэжысёр гаварыў яму на ломанай польскай мове, куды ўваходзіла палавіна французскіх слоў, цэлую лекцыю аб праніклівасці мастака-маляра, аб цудадзеях яго зрочнага ўяўлення, аб тым, як мастак павінен духам сваім пранікаць у даўно мінулае і творчым пэндзлем адрадзіць яго, адбудаваць у часе патрэбы”.
З. Бядуля “Салавей”
Папе́ра (руск. пер. бумага) – матэрыял для пісьма, а таксама для іншых мэт, які вырабляецца з драўніннай ці анучнай масы.
“Падсунуў стол да самай грубкі –
Каб ногі ў цёплае ўпіраць,
Паклаў канспекты, картак грудкі,
Паперы чыстай пачак пяць”.
Н. Гілевіч “Родныя дзеці”
Падру́чнік (руск. пер. учебник) – кніга, якая змяшчае сістэматычны выклад ведаў у пэўнай галіне і якая выкарыстоўваецца як у сістэме адукацыі на розных яе ўзроўнях, так і для самастойнага навучання.
“А несвядомыя настаўнікі ў школах таксама забіваюць у вучнях усё тое, што не ўкладаецца ў асадкі падручнікаў або выходзіць за межы знаўства саміх педагогаў. А гэта, усё разам узятае, вядзе да таго, што мы падпадаем пад абладу слоў і не маем волі для пратэсту супраць гвалтоўнасці над нашым розумам”.
Я. Колас “На ростанях”
Прафесіі
До́ктар (русск. пер. врач) – асоба з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, якая лечыць хворых.
“Доктар Яраш стаяў на даху веранды і свістаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свістаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лісце. У блакітнай бездані неба ўзнімалася чарада чаграшоў. Галубы кружылі над дачай. У «мікалаеўскіх чырвоных» гарэлі крылы. Раптам чараду быццам знесла ветрам: міг – і яна апынулася далёка над борам“.
І. Шамякін “Сэрца на далоні”
Маста́к (русск. пер. художнік) – работнік мастацтва, жывапісец.
“А на пустых месцах папрасіў нейкага мініяцюрыста намаляваць тыя літаркі фарбамі і золатам. Каб кніга выглядала на больш багатую. І мастак гэта зрабіў. З густам і ўмельствам. Але каб чалавек адчуваў сябе ў небяспецы за нейкія тры дзесяткі мініяцюр?”
У. Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”
Наста́ўнік (русск. пер. учитель) – той, хто выкладае ў школе, а таксама наогул асоба, якая вучыць чаму-небудзь.
“Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавой. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, які нядаўна прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, ледзь-ледзь усміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэнне з нячыстай сілай”.
Я. Колас “На ростанях”
Кава́ль (русск. пер. кузнец) – рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу.
“- Ёмкі, качэргі не трэба? – таямніча запытаўся дзядзька з абсмаленым вусам, мусіць, каваль.
– Не трэба! Не жаніўся шчэ! – адмахнуўся Яўхім.
За кавалёвым возам ціснуліся цікаўныя: чародка гарачых цыганоў абкружыла дзядзьку, які трымаў порсткага жарэбчыка”.
І. Мележ “Людзі на балоце”
Пісьме́ннік (русск. пер. писатель) – чалавек, які займаецца літаратурнай працай, піша мастацкія літаратурныя творы.
“Гэтыя дзяўчаткі хочуць вырвацца на шырокі прастор жыцця, бо іх забівае і губіць гнілое паветра палескіх балот і гразь розных падонкаў культуры. Вось вам аснова апавядання, драмы і чаго хочаце. А ўжо справа самога пісьменніка дадаць тыя ці іншыя завязкі, узяць той ці другі тон, гледзячы па яго здольнасці… Для яго тут расчыняюцца шырокія магчымасці”.
Я. Колас “На ростанях”
Сваякі
Ма́ці (русск. пер. мать) – жанчына ў адносінах да сваіх дзяцей.
“Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
Туліцца пры печы
Ды прадзе, прадзе кудзельку.
Скача вераценца,
А за ім густыя цені
Бегаюць па сценцы“.
Я. Колас “Маці”
Ба́цька (русск. пер. отец) – мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей; тата.
“Пэўна што прыйдзе, абы толькі змог,
ветру насупраць, на злосць непагодзе.
Калі бацька стары чакае ў дзвярох,
нанач дахаты сыны папрыходзяць”.
Л. Геніюш “Як бацька чакае сыноў”
Це́шча (русск. пер. тёща) – жончына маці.
“Бацька ўзяў яе за руку, хацеў адвесці ў куток, далей ад бяды, але яна не паслухалася, адхінулася ад яго, павярнулася кругом, каб бачылі з усіх бакоў – якія боты!
– От прыдбала зяцька! – У шуме і гомане гасцей мачыха, размазваючы па твары слёзы шчасця, пайшла да Яўхіма, абняла: – Азалаціў ты цешчу сваю, Яўхімко!.. Век не забуду!.. Такія чобаты!
– Насіце на здароўе, мамо! – голасна і таксама задаволена сказаў Яўхім. – А парвяце – новыя падару! Насіце, не шкадуйце!..”
І. Мележ “Людзі на балоце”
Дзя́дзька (русск. пер. дядя) – бацькаў або матчын брат.
“Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне;
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць;
Насі «катла», кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі,
Давай адказы на пытанні,
Тлумач ты ім усё дазвання:
Адкуль, з чаго, дзе што бярэцца,
Вось гэта, тое як завецца
І чаму так, чаму не гэтак?”
Я. Колас “Новая зямля”
Жо́нка (русск. пер. жена) – замужняя жанчына ў адносінах да свайго мужа.
“У пакой увайшла служанка — паляшучка, крэпкая чырванашчокая дзяўчына.
— Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прыйшоў; просіць хворую прычасціць.
— Хто ў яго хворы?
— Жонка.
— Скажы, зараз іду, — сказаў а. Кірыл. — Я скора вярнуся — тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне, — звярнуўся ён да гасцей”.
Я. Колас “На ростанях”
Шва́гер (русск. пер. шурин) – брат жонкі або муж сястры.
“Лезе дзядзька і лезе, амаль увесь ужо прасунуўся, аж тут яго нешта затрымала: як ні тузаецца — не пралазіць, і ўсё. Аж гэта ў яго да пояса барана прывязана. Украў у зямным жыцці і нават на споведзі не пакаяўся. Тут Данілаў швагер прыпомніў усе мукі, што праз дзядзькаву святасць нацярпеўся, ды як зарагоча. Ну і ўсё. Вылецелі яны ўсе ў вяршок і зніклі”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Рысы характару
Ве́тлівы (русск. пер. вежливый) – ласкавы, далікатны, поўны прыязнасці, добразычлівасці.
“Там гартаць хацела б бесканечна
усё з душы, што Бог калісьці даў,
усё пад гоман ветлівы, сэрдэчны
на сялібах жменямі раздаць“.
Л. Геніюш “Там..”
Упа́рты (русск. пер. упрямый) – незгаворлівы, які імкнецца рабіць толькі па-свойму, наперакор каму-небудзь.
“Я, ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі”.
А. Куляшоў “Мая Бесядзь”
Разу́мны (русск. пер. умный) – такі, якому дадзены розум; надзелены розумам; кемлівы, разважлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю.
“Ў адным сяле (не важна – дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога –
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая.
А лоб дык вось наадварот –
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену – бух!”
К. Крапіва “Дыпламаваны баран”
Ганарлі́вы (русск. пер. гордый) – перакананы ў сваёй годнасці і вартасці, поўны гонару; фанабэрысты.
“Што ж не выйшаў ты на пасту,
Ганарлівы наш Мышасты?
Поўсць павісла хамлакамі,
Затуманіўся вачамі.
Што хвастом ты не матляеш,
«Му» свайго ты не гукаеш?”
П. Броўка “Мышасты”
Ува́жлівы (русск. пер. внимательный) – прасякнуты ўвагай, сканцэнтраваны, які праяўляе ўвагу; чулы.
“Хіба нельга было б ухіліцца ад яе больш далікатным спосабам, растлумачыўшы ёй усю гразь і ўвесь бруд гэтага лёгкага заработку? Цяпер яна смяецца і не сціскаецца ў розных мянушках па яго адрасе. І мае права, бо гэта права дала яго грубасць. Ну, што ж? На другі раз трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў”.
Я. Колас “На ростанях”
Напоі
Кру́пнік (русск. пер. крупник) – хмельны мядовы напітак, пітво, прыгатаванае на агні з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.
“Куліна (ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона!
Кручкоў. Адкуль жа ты ведаеш?
Куліна. Дык я ж сама яе зладзіла…
Кручкоў. Што?
Куліна. Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула.
Кручкоў. А… ты талкуеш аб крупніку!“
В. Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”
Гарба́та (русск. пер. чай) – гарачы, духмяны напой, настояны на лісті, травах, карэннях і кветках.
“- Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей назваць па-беларуску: чай ці гарбата?
– Як ні назавеш, – усё будзе добра, абы смачна, – адказаў жартам Лабановіч”.
Я. Колас “На ростанях”
Ка́ва (русск. пер. кофе) – зярняты трапічнай расліны – кававага дрэва, напой, прыгатаваны з такіх молотых зярнят.
“Не паспеў філіжанкі кавы выпіць, з камісар’ята адказваюць: зброі пры тленных астанках не знайшлі (сам, мёртвы, занесці нікуды, вядома ж, не мог, значыць, падабраў нехта і цяпер чакай новых эксцэсаў, калі яна, зброя, у нягожыя рукі трапіць)”.
У. Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”
Гарэ́лка (русск. пер. водка) – моцны алкагольны напітак.
“Ды дружна так яны населі,
Што Ганна тройчы прыгубіла
І чарку ўсю перакуліла.
— Ну, во гэтак, малайчына,
Хай будзе ж добрая часіна!
— Ой, буду пʼяна — ашаломіць.
— Касцей гарэлка не паломіць! —
Крычыць Базыль.— Здароў будзь, Павал! —
І галаву ён закідае
І спрытна чарку асушае,
Ды ломіць хлеба цэлы кавал,
Ды так жуе, што вушы ходзяць”.
Я. Колас “Новая зямля”
Збі́цень (русск. пер. сбитень) – усходнеславянскі слабаалкагольны або безалкагольны напой, у склад якога ўваходзяць мёд, спецыі і зёлкі (шалфей, зверабой, імбір і інш.).
“- Ах, каналлі, – у Кірдуна трэсліся рукі. – Во пашанцавала. Як, ты скажы, сапраўдны збіцень знайсці?
– Гэта цяжка, – пазяхаў Сураў. – Цяпер хіба збіцень. Намяшаюць дзярма з мёдам – і ўсё. Збіцень цяперака толькі ў адзінак добры: мёд, зверабой, фіялкавыя карэнні, стручковы перац, імбір, шалфей”.
Ул. Караткевіч “Зброя”
Колер
Блакі́тны (русск. пер. голубой) – светла-сіні.
“Ты кажаш, вочанькі ў яе
Блакітныя,
Нябёсныя!
А я іх бачыў, браце мой,
Віхурнымі і злоснымі“.
П. Броўка “Пра вочы”
Чырво́ны (русск. пер. красный) – які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колер крыві.
“Палаюць асіны, каліны,
Чырвоныя сыплюць лісты
І вязкай жаўцеючай гліны
Цяжолыя крыюць пласты”.
М. Багдановіч “Старасць”
Шэ́ры (русск. пер. серый) – колер, які атрымаўся ад змяшэння чорнага і белага; колер попелу.
“Далёка недзе ў змроку шэрым
Ля небаскробаў ён гудзіць –
Ракочуць хвалі, б’юць у бераг,
Імкнуцца бруд дашчэнту змыць”.
П. Броўка “Акіян”
Ружо́вы (русск. пер. розовый) – светла-чырвоны.
“Ружовы цвет і хараство садоў.
Адкрыты жаль заложніцы-эпохі.
А на зямлі не менее удоў,
Нібы ва ўсім павінны катастрофы”.
Я. Янішчыц
Пачуцці
Каха́нне (русск. пер. любовь) – вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы іншага полу.
“О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду“.
Ул. Караткевіч “О каханне маё бясконцае”
Кры́ўда (русск. пер. обида) – несправядлівы папрок, грубы ўчынак, дапушчаная абраза ў дачыненні да каго-небудзь; пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі.
“Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы –
I быў ад крыўды зрок слязой засланы,
I біў у скроні думкі ток круты:
Нелітасцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі з любасцю стваралі,
Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,
Каб не ўцалелі нават і сляды”.
Н. Гілевіч “Лёс і песня”
За́йздрасць (русск. пер. зависть) – пачуццё прыкрасці і раздражнення, выкліканае дабрабытам, поспехамі іншых.
“Радня – працяг твайго зямнога дня.
Маліся, каб не скора вечарэла,
Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла,
Каб ля цябе не зябла дабрыня.
Ваўком завые злосці ваўчаня,
Зірне чужая зайздрасць анямела.
Каб дрэва радаводнае шумела,
Таіць карэнне мусіць глыбіня”.
Р. Барадулін “Радня – працяг твайго зямнога дня…”
Го́нар (русск. пер. гордость) – грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу; высакамернасць, фанабэрыстасць.
“Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар –
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына”.
М. Пазнякоў “Скарына”
Спага́да (русск. пер. сочувствие, сострадание) – спачуванне каму-небудзь у сувязі з чым-небудзь, добразычлівыя адносіны да каго-небудзь; маральная падтрымка.
“Спагаду ў сэрцах мелі
Матулі ўсё жыццё.
Спагада – разумелі –
Святое пачуццё.
А як яны цярпелі,
Рабілі за дваіх;
За працаю гарбелі,
Гадуючы малых”.
П. Панчанка “Спагада”
Сму́так (русск. пер. грусть, печаль) – пачуццё суму, маркоты, журбы.
“Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я.
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?”
Я. Колас “Родныя вобразы”
Ягады
Суні́цы (русск. пер. земляника) – шматгадовая ягадная расліна з белымі кветкамі, пахучымі чырвонымі ягадамі.
“Яшчэ суніцы не пасьпелі – белыя,
A ўжо каторы дзень па ix я бегаю!
Сама з сабою ціхенька жартую,
Мне на суніцы сёлета шанцуе!“
Р. Баравікова “Белыя суніцы”
Жураві́ны (русск. пер. клюква) – ягадная вечназялёная расліна сямейства бруснічных, што расце на мохавых балотах.
“Паміраюць званочкі,
Зязюлі, чабор, журавіны,
I не ў вырай, а некуды так
Адляцяць журавы.
Мы сябе абкрадаем,
А множыць здабыткі павінны
I ўзвышаць абавязкі свае
I правы”.
С. Грахоўскі “Экалогія душы”
Агрэ́ст (русск. пер. крыжовник) – калючая садовая кустовая расліна з кісла-салодкімі буйнымі ягадамі.
“Які сяголета шчаслівы
І ураджайны выпаў год:
Ва ўсіх садах агрэст і слівы,
Клубнікі повен агарод”.
П. Глебка “Ягады”
Чарні́цы (русск. пер. черника) – кустовая дзікарослая ягадная расліна сямейства бруснічных з чорна-сінімі ягадамі.
“Спачатку сочныя суніцы
Заружавелі па лясах,
За імі следам і чарніцы
Закрасавалі ў верасах”.
П. Глебка “Ягады”
Буякі́ (русск. пер. голубика) – кустовая ягадная расліна сямейства верасовых, ягады цёмна-сінія з шызым налётам.
“Сіненькія бубачкі
для дзяўчынкі Любачкі.
У нізінцы – буякі,
гляньце, шчодры лес які!”
Р. Баравікова “Буякі”
Дрэвы
Е́лка (русск. пер. ель) – хвойнае вечназялёнае дрэва з конусападобнай кронай.
“На Новы год пасвяткаваць
У горад завітала ёлка.
Няцяжка мне было пазнаць
Зямлячку па яе іголках.
Па свежай зелені густой,
Па ўсім уборы саматканым.
Я быў сустрэчаю такой
Да глыбіні усхваляваны“.
М. Танк “Ёлка”
Тапо́ля (русск. пер. тополь) – дрэва сямейства вярбовых з высокім і моцным ствалом.
“Там, за вёскай, у полі дзве стаялі таполі,
Як адна, дзве таполі стаялі,
I стагналі у полі сухавейна таполі,
Як адна, дзве таполі стагналі”.
Я. Купала “Дзве таполі”
Хво́я (русск. пер. сосна) – вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай.
“Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім снег халодны
Нахіліў галіны”.
Я. Колас “На рэчцы зімой”
Але́шына, во́льха (русск. пер. ольха) – лісцевае дрэва сямейства бярозавых.
“Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім”.
Я. Колас “Ручэй”
Чаро́мха (русск. пер. черемуха) – дрэва ці куст сямейства ружакветных з сабранымі ў гронку белымі пахучымі кветкамі і чорнымі даўкімі на смак ягадамі.
“Парой надвечаровай
У роднай старане
Знаёмая чаромха
Здалёк махае мне.
У вэлюме чаромха
Махае мне здаля,
Нявесціцца чаромха –
Равесніца мая”.
С. Валодзька “Чаромха”
Насякомыя
Матылё́к (русск. пер. бабочка) – насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых рознакаляровым пылком.
“Лілею млявы плёс люляе,
З-пад зьлежаных аблок здалёк
Ляціць, віхлясты і бялявы,
Пялёстак лёгкі – матылёк“.
Р. Барадулін “Матылёк”
Мура́шка (русск. пер. муравей) – невялікае насякомае атрада перапончатакрылых, якое жыве вялікімі калоніямі.
“Раз летнім днём цераз дарогу
Мурашка пруцік валакла
Ды прыпынілася была,
Чакаючы сяброўку на падмогу.
I гэтым часам
Пачуўся нейкі гук,
Як бы спяваў хто басам,
А з гукам сеў паблізу Жук”.
К. Крапіва “Мурашка і Жук”
Хру́шч (русск. пер. майский жук) – жук сямейства пласцініставусых.
“З мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае”.
М. Багдановіч “Вечар”
Ко́нік (русск. пер. кузнечик) – насякомае, якое скача і стракоча крыламі.
“Гэта расказ пра коніка,
пра зялёненькага
і тоненькага,
Братоў яго ў лузе спаткаеш
са звонкімі капыткамі.
Расказваў мой сябар
з флоту гандлёвага”.
Р. Барадулін
Цвырку́н (русск. пер. сверчок) – насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат.
“З гарадоў егіпецкіх пажоўклых
Мо таму ўжо некалькі вякоў
Гандляры ў пахучых скрутках шоўку
Ў Беларусь завезлі цвыркуноў“.
У. Караткевіч “Цвыркун і праблемы чыстага мастацтва”
Прыродныя з'явы
Вясё́лка (русск. пер. радуга) – шматкаляровая дугападобная паласа на небе, якая ўзнікае ад праламлення сонечных прамянёў у дажджавых кроплях.
“Калі
Па веснавой зямлі
Прайшоўся дожджык босы,
Вясёлку ткаць
Распачалі
Вясёлыя нябёсы“.
Рыгор Барадулін “Як вясёлку ткалі”
Ледзякі́ (русск. пер. сосульки) – невялікія кавалкі лёду, ільдзінкі.
“Сымон. Хай раскідаюць, хай выводзяць! Ізноў вярнуся, ізноў тут сяду і буду вясны чакаць.
Марыля. Пакуль так дачакаеш вясны, – мароз табе і нам усім зубы выесць, у ледзякі аберне”.
Я. Купала “Раскіданае гняздо”
Мала́нка (русск. пер. молния) – імгненны разрад атмасфернай электрычнасці ў выглядзе яркай ломанай лініі.
“Вось цяпер
Гарую шчыра –
Ні да гуляў, ні да ежы…
Колькі выбегаў я сцежак,
Ці то гром,
Ці то маланка,
Я спяшаўся…
Ах, Маланка!..”
П. Броўка “Маланка”
Завіру́ха (русск. пер. метель) – мяцеліца, завея.
“Стаю ўначы ў завіруху –
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
І вецер гайдае ліхтар.
Што са мною – не знаю.
Сэрца трывогу б’е.
Кахаю?
Здаецца, кахаю.
Напэўна, кахаю яе!”
У. Караткевіч “Стаю ўначы ў завіруху…”
Пяру́н (русск. пер. гром) – аглушальны ўдар грому.
“Перуны грукаталі ў прасторы пустым,
Прыгіналіся долу кусты,
I у цёмным прадонні набухшых крыніц
Гаслі водсвіты бліскавіц”.
П. Панчанка “У навальніцу”
Восеньскія і зімовыя месяцы
Ве́расень (русск. пер. сентябрь) – першы восеньскі месяц, дзявяты месяц каляндарнага года.
“Зноў верасень —
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшыстых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах,
I травастою пах яшчэ не знік“.
А. Грачанікаў “Верасень”
Кастры́чнік (русск. пер. октябрь)- другі восеньскі месяц, дзясяты месяц каляндарнага года.
“І кастрычнік не гуляе —
Клопату з ільном хапае.
Разлятаюцца кастрынкі,
Як халодныя іскрынкі”.
Р. Барадулін “Год-карагод”
Лістапа́д (русск. пер. ноябрь) – трэці восеньскі месяц, адзінаццаты месяц каляндарнага года.
“Лістапад
Надвор’ем мглістым
Высцілае сцежкі
Лістам”.
Р. Барадулін “Год-карагод”
Сне́жань (русск. пер. декабрь) – першы зімовы месяц, дванаццаты месяц каляндарнага года.
“Дзень цэлы плавалі вятры
Над восенню палёў бязмежных
Пад вечар снегам завірыў,
Спазніўшыся, кудлаты снежань“.
М. Танк “Зіма”
Сту́дзень (русск. пер. январь) – другі зімовы месяц, першы месяц каляндарнага года.
“Студзень ходзіць за акном,
Студзень стукаецца ў дом.
Студзень мы паклікалі,
Каб прынёс канікулы,
Каб канькі прынёс і санкі,
На сумёт намёў сумёт,
Каб сустрэў вясёлым ранкам
Разам з намі Новы год”.
С. Грахоўскі “Студзень”
Лю́ты (русск. пер. февраль) – трэці зімовы месяц, другі месяц каляндарнага года.
“Вясёлы месяц люты,
Мяцеліцай раскуты, –
Шумі вятрамі, грай!
Вятры пабралі лютні,
Імчаць у свет бязлюдны”.
М. Стральцоў “Месяц люты”
Вясеннія і летнія месяцы
Сакаві́к (русск. пер. март) – першы вясенні месяц, трэці месяц каляндарнага года.
“Светлы месяц
Сакавік
Светлым дням
Вядзе падлік.
Як два сонцы –
Лічба восем.
Кветкі ўдзячнасці
Прыносім“.
Р. Барадулін “Восьмы дзень сакавіка”
Красаві́к (русск. пер. апрель) – другі вясенні месяц, чацвёрты месяц каляндарнага года.
“Сок пускае сакавік —
Да салодкага прывык.
Следам з краскай
Красавік,
І лясун,
І палявік”.
Р. Барадулін “Год-карагод”
Ма́й (русск. пер. май) – трэці вясенні месяц, пяты месяц каляндарнага года.
“Зноў у зялёным убранні
Ходзіць яна па шляхах,
Май
Рассыпаецца ў кветках,
Ў срэбных звініць ручаях”.
П. Броўка “Майскія сцягі”
Чэ́рвень (русск. пер. июнь) – першы летні месяц, шосты месяц каляндарнага года.
“Маніць ягадамі чэрвень;
Ліпень – сонечнай усмешкай;
Жнівень асыпае зернем;
Верасень грыбамі цешыць”
А. Зэкаў “Месяц за месяцам”
Лі́пень (русск. пер. июль) – другі летні месяц, сёмы месяц каляндарнага года.
“Чэрвень
З чырванню прыходзіць.
Ліпень
Ліпам цвет прыносіць.
Жнівень жне,
Атаву косіць”.
Р. Барадулін “Год-карагод”
Жні́вень (русск. пер. август) – трэці летні месяц, восьмы месяц каляндарнага года.
“Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах”.
Н. Гілевіч “Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы…”
Святы і абрады
Каля́ды (русск. пер. Рождество) – народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання, звязанае з перыядам зімовага сонцастаяння.
“На Каляды – Святы вечар –
запалю на куце свечкі,
і зайграюць нашы вочы,
нібы зоркі за акном.
І памолімся мы Богу
за жыццёвую дарогу,
і вясёлую “калядку”
на тры галасы спяём!”
Л. Кебіч “НА КАЛЯДЫ”
Вялі́кдзень (русск. пер. Пасха) – веснавое хрысціянскае свята, прысвечанае ўваскрэсенню Хрыста.
“На вуха Костусю шапталі
Якіясь думкі-весялушкі:
“Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі,
І хвоі гэтыя, і елі,
Ліхія людзі падабрэлі,
Бо святам Божым ўсюды вее;
З нажом разбойнік не пасмее
Залегчы ў лесе срэдзь дарогі,
Бо і заможны і убогі
Святы Вялікаднік святкуюць
І радасць ў сэрцы сваім чуюць”.
Я. Колас “Новая зямля”
Купа́лле (русск. пер. Купалье, ночь на Ивана Купала) – старажытнае свята летняга сонцастаяння ва ўсходніх славян, якое святкуецца ў ноч на 7 ліпеня.
“Ёсць цудоўнае паданне,
як на свята, на Купалле,
ад паўночы да світання
Кветку Шчасця ў нас шукалі”.
У. Дубоўка “Кветка Шчасця”
Сё́муха (Тройца) (русск. пер. Троица) – адно са свят праваслаўнай царквы, якое святкуецца праз сем тыдняў ад Вялікадня.
“Святы Барыс бабы сеець,
Святы Мікола па межах ходзіць,
Жыта родзіць,
Урасіўся, умачыўся,
Пад залаты пояс падапхнуўся.
Святы Ушэственнік выплываець,
Святая Сёмуха гнаі возіць,
І Бога просіць…”
Беларуская народная песня
Дзяды́ – абрад памінання нябожчыкаў, а таксама дзень, калі выконваўся гэты абрад.
“Што нам кажа ночкай цёмнай
На мяжы ў пракляцці,
Як Дзяды ў нас векапомны
Стануць адпраўляці”.
Я. Купала “На Дзяды”
Часткі цела
Паты́ліца (русск. пер. затылок) – задняя частка чэрапа, галавы.
“Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй ежу здабываць.
— Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца”.
Беларуская казка “Лёгкі хлеб”
Дало́нь (русск. пер. ладонь) – унутраны бок кісці рукі.
“Знайшоў і з-пад прысака выграб жарынку,
Дыханнем яе у далонях сагрэў,
Падкінуў ігліцы, і цераз хвілінку,
Як знічка, агеньчык дрыжаў і гарэў”.
С. Грахоўскі “Каля вогнішча”
Ву́сны (русск. пер. губы) – губы, рот.
“Мая мова, як шчасце на вуснах,
хвалявання гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй”.
Ларыса Геніюш “Мая мова”
Во́ка (русск. пер. глаз) – орган зроку, а таксама сам зрок.
“Але малому Януку
Вачэй ніяк не зводзіць сон,
Бо нешта чорнае ў кутку
На лаве ля красён
Убачыў раптам ён:
Касматае, з зялёнымі вачыма,
Дым чорны ў страха верне з ляпы
І з кіпцюрамі лапы”.
К. Крапіва байка “Чорт”
Скі́віцы (русск. пер. челюсти) – кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы.
“О, тыя трубы гудуць,
граюць занадта ўжо звонка,
Сківіцы крышаць яны,
рвуць у вушах перапонкі.
О, тыя трубы гудуць,
граюць занадта сурова,
Ногі ламаюць яны
і адрываюць галовы”.
П. Броўка “Вайсковы аркестр на Брадвеі”
Жывёлы
Дзі́к (русск. пер. дикий кабан) – дзікі кабан, вепр.
“Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць
І злятае шэрань з бяроз,
Дзік разрыў бурты бульбяныя
І ў курдобу пусціў мароз…
Чалавечыя гучныя крокі
І сабачы бязгучны крок
Аддаляліся ноччу глыбокай
Ад агнёў на сутычку і кроў”.
У. Караткевіч “Балада пра дзіка і чалавека”
Кажа́н (русск. пер. летучая мышь) – лятучая мыш.
“I урок, і залом абымае крылом,
Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй з ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
Кажана і саву заручае”.
Я. Купала “Ноч за ночкай…”
Вавё́рка (русск. пер. белка) – звярок роду млекакормячых, атрада грызуноў з пушыстым хвастом, а таксама футра гэтага звярка.
“А гэты быў прысыпаны ігліцаю
На верасам расквечаным пагорку.
Ён знае баравыя таямніцы ўсе
Пра барсука, пра дзятла, пра вавёрку“.
М. Танк “Пах баравіковы”
Во́жык (русск. пер. еж) – невялікі звярок з доўгімі вострымі іголкамі на спіне і баках.
“Аж раптам тут ля самых ножак
Зафыркаў злосна Вожык
I кінуўся адважна на Змяю.
Змяя ўзвілася бліскавіцай,
Зубамі хоча ўпіцца,
Мільгае промнямі лускі,
А ён, узброены ігліцай,
Зубоў змяіных не баіцца
I рве Гадзюку на кускі”.
К. Крапіва “Дзіця, Вожык і Змяя”
Садавіна і гародніна
Каву́н (русск. пер. арбуз) – аднагадовая расліна сямейства гарбузовых з вялікімі салодкімі пладамі, а таксама круглы сакавіты плод гэтай расліны з салодкай мякаццю чырвонага колеру.
“Расказ салдата
Не частуйце мяне кавунамі:
Разлюбіў іх навек на вайне…
Немцы пёрлі на танках за намі,
Лупцавалі па мокрай спіне”.
П. Панчанка “Кавуны”
Бу́льба (русск. пер. картофель) – аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых з падземнымі клубнямі.
“Печаная бульба – гэта казка,
Паскрабеш нажом – і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох”.
П. Панчанка “Бульба”
Парэ́чкі (русск. пер. смородина) – кустовая ягадная расліна з ядомымі кісла-салодкімі ягадамі, а таксама самі гэтыя ягады.
“У дуброве каля рэчкі
Віснуць сонныя парэчкі,
У пералеску ля крыніцы
Ззяюць спелыя суніцы”.
С. Шушкевіч “Не магу жыць без Радзімы”
Цыбу́ля (русск. пер. лук) – агародная расліна сямейства лілейный з цыбулінай у падземнай частцы і трубчастымі лістамі зверху.
“От бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш – будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца… (цыбуля)”.
Р. Барадулін “Загадкі на градке”
Ажы́ны (русск. пер. ежевика) – кустовая ягадная расліна сямейства ружакветных з калючымі сцябламі, чорна-шызыя ядомыя ягады гэтай расліны, падобныя на ягады малін.
“А за аселіцай, над рэчкай,
Паміж разгалістых крушын,
Набракла дзікая парэчка,
Кусты смародзін і ажын“.
П. Глебка “Ягады”
Агуро́к (русск. пер. огурец) – агародная расліна сямейства гарбузовых з паўзучым сцяблом і даўгаватым зялёным плодам, а таксама плод гэтай расліны.
“Вясновы дождж абсыпаў градкі.
Цвітуць, што зоркі, агуркі,
А з клёна, што ідзе ўпрысядкі,
Спадаюць пырскі-светлякі”.
П. Броўка “Пасля дажджу”
Прылады працы
Сяке́ра (русск. пер. топор) – насаджаная на тапарышча металічная прылада для сячэння з лязом з аднаго боку і абухам з другога.
“Пад барвовымі плашчамі ў вояў зіхацелі кальчугі. На чырвоных шчытах, на жалезных нагрудніках, налакотніках і накаленніках, на мячах і баявых сякерах цёпла гарэла сонца…”
Л. Дайнека “Меч князя Вячкі”
Рыдлё́ўка (русск. пер. лопата) – ручная прылада для капання.
“Дванаццаць год таму, зусім хлапчынай,
Якому ўсё на свеце зразумела,
Які вышэйшай думкі аб сабе,
Балбоча вершы, як індзейскі певень,
І пагарджае ўсім, акрым сябе,
Бацькоўскім домам і старой таполяй,
Рыдлёўкай, гноем, садам і палямі,
Я пакідаў «навекі» родны дом.”
У. Караткевіч “Дзядзькаў кубак”
Гэ́бель (русск. пер. рубанок) – сталярны інструмент у выглядзе калодкі з шырокім лязом для стругання дрэва.
“I кроквы спынялі свой крок
Над пляцам.
I збегліся ў небе
I латы, і гонта, і дрот,
I зроблены з яблыні гэбель.”
Л. Дранько-Майсюк “Над пляцам”
Кро́сны (русск. пер. ткацкий станок) – ручны ткацкі станок, ніцяная аснова, якая навіваецца на навой станка.
“А зіма аж пачарнела —
Годзе ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем весну прывітаць!”
Я. Колас “Песня аб вясне”
Абцугі́ (русск. пер. клещи, щипцы) – металічны інструмент у выглядзе двух змацаваных на шарніры стрыжняў, якія служаць для сціскання, захоплівання, расколвання, вырывання.
“Я бачыў у музеі ланцугі.
А гэтаму малому каты рукі
Для жарту заціскалі ў абцугі.
Спалоханы,
ён дзічыцца мяне,
Глядзіць з дапытлівасцю хваравітай.
А бацька дзе?
А бацька на вайне
Атручанаю куляю забіты.”
Рыгор Барадулін “Мне не хапае Вашай цішыні…”
Птушкі
Зязю́ля (русск. пер. кукушка) – лясная пералётная птушка, якая звычайна не ўе гнязда і кладзе яйкі ў чужыя гнёзды.
“Напілася зязюля сцюдзёнай расы
І хацела ляцець да сябе ў лясы,
Толькі я папрасіў: “Не ляці, пачакай,
Сумна мне, закувай”.
“Што ж, не цяжка мне хлопча, табе зваражыць,
Хочаш – праўду скажу, колькі будзеш ты жыць.
Загадай”.
Пімен Панчанка “Ты скажы мне, зязюля…”
Бу́сел (русск. пер. аист) – вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і доўгімі чырвонымі нагамі.
“Я помню хаціну дзіцячых гадоў,
Падкову на збітым парозе,
Вялікае, з дзедаву шапку, гняздо
Буслоў на высокай бярозе”.
Пятрусь Броўка “Бусел”
Шпа́к (русск. пер. скворец) – невялікая пералётная птушка атрада вераб’інападобных з чорным апярэннем.
“Як толькі-толькі на світанку
Раса страсаецца з лістка,
Я сустракаю ў парку ранкам
Амерыканскага шпака“.
Пятрусь Броўка “Як мы размаўлялі са шпаком”
Пуга́ч (русск. пер. филин) – драпежная начная птушка атрада соў, ржава-карычневага колеру, зверху галавы «вушкі» з пер’я.
“Я расчыню ix шырока, шырока,
крыкне трывожна пугач за ракой,
груша старая па-свойску са змроку,
нібы зь сястрой, пагамоніць ca мной”.
Раіса Баравікова
Жаўру́к (русск. пер. жаворонок) – пеўчая птушка атрада вераб’іных.
“Сваю нясмеласць некалі таіў
I мроіў некім, гэта значыць Вамі.
З крыніцы свойскай жаўрука паіў,
Каб ён звінеў над спраўджанымі снамі”.
Рыгор Барадулін “Мне не хапае Вашай цішыні…”
Кветкі
Бэ́з (русск. пер. сирень) – дэкаратыўная кустовая расліна сямейства маслінавых з блакітна-ліловымі або белымі пахучымі кветкамі.
“Стаіць мой сад пад белым цветам:
Нарцыс – стыдлівых поўны крас,
Звісае бэз у акно букетам,
Тульпанаў куст расцвіў зараз”.
Цётка “Мой сад”
Вяргі́ня (русск. пер. георгина) – травяністая дэкаратыўная расліна сямейства складанакветкавых з вялікімі яркімі кветкамі рознага колеру і клубнепадобным карэннем.
“Доўгі косы вянком ўюцца,
Зубы белыя смяюцца.
Стан танюткі, як былінка,
Ну і Кася, ну дзяцінка!
Як царэўна, як багіня!
Як нарцыса, як вяргіня!”
Цётка “Лета”
Рамо́нак (русск. пер. ромашка) – травяністая расліна сямейства складанакветкавых з адзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая.
“Цвілі рамонкі на лугах
І васількі ў жыце,
І рассцілалася смуга
Пад сонцам у зеніце”.
С. Шушкевіч “Цвілі рамонкі на лугах”
Каса́ч (русск. пер. ирис) – травяністая расліна з доўгімі мечападобнымі лістамі і вялікімі кветкамі жоўтага, сіняга або фіялетавага колеру.
“А калісьці і я прачынаўся ў бацькавай хаце.
Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.
На гародзе спявае паціху маці
Пра маладога жаўнера, пра гнядога каня.
А пад вокнамі мята п’е сонца гарачае,
І глядзяць мне у вочы красой нерастрачанай
Сінія касачы“.
П. Панчанка “Сінія касачы”
Вало́шка (русск. пер. василек) – травяністая расліна сямейства складанакветкавых, якая расце ў жыце і іншых злакавых і цвіце сінімі кветкамі.
“Ах, валошка, валошка, сястрыца рамонка!
Зноў вы побач на ўцеху душы зацвiлi.
Як жа ў вашых iмёнах пяшчотна i звонка
Мова мацi гучыць – голас роднай зямлi!”
Н. Гілевіч “Ах валошка, валошка, сястрыца рамонка!”
Адзенне
Суке́нка (русск. пер. платье) – жаночае суцэльнае адзенне, верхняя частка якого адпавядае кофце, а ніжняя – спадніцы.
“Марцінава дачка – мая равесніца – тонкае, няспелае дзяўчо, помню, кожан дзень у адной з чырвонымі вылінялымі кветкамі сукенцы“.
В. Адамчык “Дзікі голуб”
По́рткі (русск. пер. брюки) – верхняе адзенне, якое пакрывае ногі і ніжнюю частку тулава да пояса.
“Меншы Марцінаў хлопчык у кароткіх портачках на шлейцы вазіў па сценцы нейкую старую, пагібаную, у белай вапне тачку – аб днішча церлася і вішчала кола”.
В. Адамчык “Дзікі голуб”
Ху́стка (русск. пер. платок) – кавалак тканіны ці вялікага палатна звычайна квадратнай формы, які завязваюць на галаву, шыю ці накідваюць на плечы.
“Яна не помніць, як асунулася на зямлю і колькі ляжала. Астатняе мільгаціць як у сне: бегла жытам, маладымі картоплямі, згубіўшы недзе хустку, бегла наўпраста ў мястэчка, дзе якраз на грудку на шашы, там яшчэ і цяперака расце бярэзіна, ляжаў ён – ніцма, раскінуўшы ручкі і яшчэ ўсё трымаючы ў адной тую нямецкую лапатку з кароткім чаранком”.
В. Адамчык “Пагарэльцы”
Капялю́ш (русск. пер. шляпа) – галаўны мужчынскі ўбор з палямі, жаночы – розных фасонаў.
“Аднаго дня тае ціхае ранняе восені ў вёску прыйшла высокая пані ў чорным капялюшыку з вуалькаю на вочы, з чорным сакваяжыкам у руцэ, з напудраным носам і стала хадзіць па хатам, запісваючы дзяцей у местачковую школу”.
В. Адамчык “Раяль з адламаным вечкам”
Ша́лік (русск. пер. шарф) – паласа з тканіны або шарсцяных нітак для захутвання шыі.
“Аблавухая шапка, якую ён, швэндыючыся пры доме, усю зіму не падвязваў, збівалася на вочы, на шыі замест шаліка палатняны ручнік, шэрае суконнае галіфэ на сцёгнах, як у пана войта, падлаплена хромам”.
В. Адамчык “На крыжавых дарогах”
Посуд
Апало́нік (русск. пер. черпак, половник) – чарпак, вялікая лыжка, якой разліваюць вадкую страву.
“Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.”
Я. Колас “Новая зямля”
Патэ́льня (русск. пер. сковорода) – мелкая металічная пасудзіна з загнутымі краямі для смажання; скаварада.
“Як патэльня засквірчэла ў печы,
Ды і чарка бліснула дарэчы.
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!”
П. Броўка “Калі ласка!”
Дзяжа́, дзе́жка (русск. пер. квашня, дежа) – вялікая пасудзіна для заквашвання цеста на хлеб.
“Будзем хлеб рашчыняць,
Цеста ў дзежцы мясіць
Дый у печку садзіць,
Хай пячэцца хлябок,
Што прыдбаў сейбіток.”
Я. Купала “Сейбіт”
Філіжа́нка (русск. пер. чашечка) – невялікі кубачак для кавы.
“Не паспеў філіжанкі кавы выпіць, з камісар’ята адказваюць: зброі пры тленных астанках не знайшлі (сам, мёртвы, занесці нікуды, вядома ж, не мог, значыць, падабраў нехта і цяпер чакай новых эксцэсаў, калі яна, зброя, у нягожыя рукі трапіць).”
У. Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”
Цэ́бар (русск. пер. ушат) – шырокая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі.
“Але, падышоўшы да дзвярэй [кабета], пайшла ў двор, да студні, дзе доўга і захлёбіста піла ваду з драўлянага цэбра, абкаванага вобадам, ад якога ў яе чамусьці, нібы ў сцюжу, мерзлі рукі…”
В. Іпатава “Залатая жрыца Ашвінаў”
Хата і кватэра
Жырандо́ль (русск. пер. подсвечник) – падвесны фігурны падсвечнік для некалькіх свечак.
“Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.”
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”
Фатэ́ля (русск. пер. кресло) – крэсла.
“Маем страху мы тыкеле
(Хоць ваш “біс” яго зламоча),
Ці нам публіка з фатэляў
Што закінуць не захоча?!”
В. Дунін-Марцінкевіч “Залёты”
Святлі́ца (русск. пер. зал или гостиная) – светлы, чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей.
“А ў святліцы на палацях
Маладая ў белай шаце
Уздыхае, ломіць рукі
Ад вялікай, цяжкай мукі…”
Я. Купала “Маладая ачуняла”
Се́ні, се́нцы (русск. пер. сени) – памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах.
“Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі. Роспач адразу падламіла яе і, кінуўшы вілачнік, яна выйшла ў сенцы.”
В. Быкаў “Сваякі”.
Стравы беларускай кухні
Верашча́ка (русск. пер. верещака, жидкое мучное блюдо) – рэдкая мучная страва з мясам, каўбасой і рознымі прыправамі.
“Як цетраў [цецярук] у лясочку жаласна балбоча,
Так маё сэрцайка да панны сакоча.
Ні верашчака, каўбасы дзялянка, –
Нішто не смакуе без цябе, каханка.”
В. Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”
Куцця́ (русск. пер. кутья) – каша з ячных і іншых круп як традыцыйная абрадавая страва беларусаў. Багатая (шчодрая) – гатавалася перад Новым годам, была мясная. Посная (галодная) куцця – гатавалася напярэдадні Каляд і Вадохрышча без мяса і жывёльнага тлушчу.
“А макаў сок такi салодкi!
Ламанцы ў iм, ну, як калодкi –
Так добра макам пранялiся,
У рот паложыш – аблiжыся.
За прасначкамi йшлi кампоты,
Кiсель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылi куццёю,
Але ўжо елi без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.”
Я. Колас “Новая зямля”
Куле́ш (русск. пер. каша) – рэдкая мучная або крупяная каша з салам.
“Спярша дала яна капусту,
Тады са скваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу –
Даець ўволю, толькі еж!”
К. Вераніцын “Тарас на Парнасе”
Ба́бка (русск. пер. запеканка из картофеля) – страва, прыгатаваная з дранай бульбы.
“Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
І ў паясніцы, — а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
І парай дыхае пад столь:
З бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць…-
І так жа ўслед пайшла на змену –
Хоць замычы – каб не маўчаць!”
Н. Гілевіч “Родныя дзеці”.
Вантрабя́нка (русск. пер. колбаса из внутренностей) – каўбаса, зробленая з вантробаў.
“Калі ж дапаў да вантрабянкі –
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш – а ўжо кіндзюк крывянкі
На блюда выклалі з гаршка!”
Н. Гілевіч “Родныя дзеці”.
Беларускі нацыянальны строй
Беларускі нацыянальны строй (русск. пер. Белорусский национальный костюм) — комплекс беларускага народнага адзення, які быў характэрны для насельніцтва пэўнага рэгіёну (напрыклад, слуцкі строй).
******************************
Андapáк (русск. пер. андарак, юбка) – саматканая (паласатая або ў клетку) суконная спадніца.
“Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія… тулавы”.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”.
Намі́тка (русск. пер. головной убор, повойник, косынка) – старажытны традыцыйны жаночы галаўны ўбор усходніх славян. Яе насілі замужнія жанчыны ў Беларусі, Літве, паўднёвых абласцях Расіі і Украіны. Намітка з’яўляецца абавязковым элементам жаночага нацыянальнага касцюма беларусаў.
А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.
У. Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”.
Маге́рка (русск. пер. войлочная шапка) – круглая высокая або вялікая лёгкая лямцавая мужчынская шапка, якую раней насілі сяляне; род капелюша.
Малады светлавалосы хлопец, стаўшы на левае калена, часта і моцна гроб шырокім вяслом. За спінаю ў хлопца сядзелі двое мужчын у высокіх магерках з белай воўны, насцярожана ўзіраліся ў надрэчны хмызняк, дзе затаіліся Якаў і Мірошка.
Л. Дайнека “Меч князя Вячкі”.
Сві́тка (русск. пер. армяк, зипун, свита; разновидность верхней одежды) – доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна.
Невыдумная світка – убор на плячах,
Баада, як снег белы – такая.
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.
Я. Купала “Курган”.
Гарсэ́т (русск. пер. корсет) – жаночая безрукаўка, якую апраналі паверх святочнага ўбору.
Прыбярыся чэсна у нядзельну шату,
Гарсэт уздзень красны, спадніцу багату
Дый на замак княжын з Данілам ідзі!
В. Дунін-Марцінкевіч “Вечарніцы”