20 гадоў разам “У пані Элізы”

Шмат гадоў Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага працягвае традыцыі знакамітай гарадзенкі Элізы Ажэшкі. У гонар пісьменніцы прайшлі шматлікія канферэнцыі, чытанні, дабрачынныя і літаратурныя праграмы, экскурсіі, балі з удзелам гродзенцаў і гасцей горада.

І вось ужо 20 гадоў у шыкоўных і вельмі ўтульных залах Дома Э.Ажэшкі – у юнацкім філіяле і аддзеле выданняў на замежных мовах – ладзяцца спатканні літаратурна-музычнага салона “У пані Элізы”. Наведвальнікі бібліятэкі з задавальненнем далучыліся да святкавання гэтай гадавіны. Госці дзяліліся ўспамінамі, слухалі музыку, чыталі вершы і, канешне, гулялі ў салонныя гульні. Усё было, як у салонах мінулых стагоддзяў. Сапраўдным упрыгожваннем салона стала фотагалерэя баляў каля дома Элізы Ажэшкі.

Супрацоўнікі бібліятэкі выказваюць словы падзякі ўсім, хто быў сярод стваральнікаў салона, хто прысутнічаў на нашых мерапрыемствах і быў з намі на працягу гэтых гадоў, а таксама ўсім, хто ўпершыню наведаў наш літаратурны салон.

Наступны год будзе таксама цікавым і багатым на імпрэзы, прысвечаныя памяці Элізы Ажэшкі. Сачыце за нашымі анонсамі.