Літаратурнае падарожжа па жыццёвым і творчым шляху Якуба Коласа

Сярод выбітных пісьменнікаў-класікаў нашай краіны вылучаецца Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы. Яго творы ілюструюць цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Народны паэт Беларусі найбольш ярка раскрыў характар, менталітэт, нацыянальную самасвядомасць і духоўныя каштоўнасці беларусаў, таму сёння памяць аб ім захоўваюць музеі, тэатры і, вядома, бібліятэкі.

У рамках “Коласаўскага тыдня на Гродзеншчыне”, які праходзіць з нагоды 140-гадовага юбілею Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, у аддзеле абанемента праводзіцца літаратурнае падарожжа “Жыццё і творчасць Якуба Коласа”. Усе наведвальнікі аддзела на працягу тыдня маюць магчымасць праверыць свае веды, адказаўшы на біяграфічныя пытанні аб песняры беларускай зямлі, прыняць удзел у выкананні інтэрактыўных заданняў: разгадванні крыжаванак і рэбусаў.

Да мерапрыемства падрыхтавана тэматычная экспазіцыя “Каларыт коласаўскай творчасці”, дзе ўвазе чытачоў прадстаўлены літаратура Народнага паэта Беларусі, дапаможны ілюстрацыйны і інфармацыйны матэрыял-падказка для тых, хто мае цяжкасці ў выкананні прапанаваных заданняў.

Асобна можна вылучыць зону дэманстрацыі аднаго твора Я. Коласа ў розных выданнях. Кожны дзень на працягу тыдня на ёй будуць выстаўляцца па чарзе такія кнігі аўтара, як “Новая зямля”, “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, “Сымон-музыка”, “На ростанях”, “Дрыгва”, камплект з дзвюх кніг “Вершы. Новая Зямля. Сымон-музыка. Апавяданні” і кнігі-юбіляры “У глыбі Палесся” (95 гадоў) і “Песні жальбы” (100 гадоў).

Усіх жадаючых пазнаёміцца з коласаўскай творчай спадчынай запрашаем у аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.