Кастрычніцкія юбілеі беларускіх пісьменнікаў

У кастрычніку бягучага года адзначаюцца юбілеі ганаровых пісьменнікаў Беларусі – Івана Мікалаевіча Пташнікава (90 гадоў) і Леаніда Васільевіча Дранько-Майсюка (65 гадоў). Супрацоўнікі аддзела абанемента ў рамках цыкла кніжных выстаў “Гадавіны выдатных асоб і гістарычных падзей” арганізавалі дзве экспазіцыі: “Іван Пташнікаў – жыве песня слова” і “Дранько-Майсюк Л. – творца высокай чыстай паэзіі”, якія знаёмяць чытачоў з літаратурнай спадчынай вышэйзгаданых юбіляраў, а таксама з біяграфічнымі выданнямі і літаратуразнаўчымі працамі аб іх жыцці і творчым шляху.

Іван Пташнікаў – адзін з найбольш цікавых і самабытных празаікаў беларускай літаратуры, таленавіты і яскравы прадстаўнік пакалення дзяцей вайны. Чароўны свет прыроды, жыццё вясковых людзей, іх праца, побыт, узаемаадносіны, мужнасць і шчодрасць душы, барацьба за незалежнасць і аднаўленне роднага краю – усё гэта фармавала духоўны свет пісьменніка, яго творчую натуру. На выставе можна знайсці наступныя яго раманы, аповесці і апавяданні: “Мсціжы”, “Алімпіяда”, “Лонва”, “Тартак”, “Найдорф”, “Львы” – першы празаічны твор аб чарнобыльскай трагедыі і інш.

Леанід Дранько-Майсюк – беларускі празаік, публіцыст, прыхiльнiк паэзіі тонкай пачуццёвасцi i вобразнасцi. Лiрыка кахання ёсць у кожным зборнiку паэта. Нiзка вершаў «Маёй цудоўнай А.» прынесла яму тытул песняра хараства і жаночай прыгажосцi. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку (“Прынц і ружа”, “Ружа белая”, “Аксаміткі” і г.д.). Як паэт адметнага стылю Дранько-Майсюк ўдала спалучае традыцыйную беларускую сiмволiку з класiчнай формай, яго проза ў значнай ступенi рытмiзаваная, падобна вершам, а эсэ песняра атрымліваюцца пластычнымі, страснымі i лірычна натхнёнымі. На экспазіцыі найбольшую цікавасць прадстаўляюць паэтычна-празаічныя зборнікі Дранько-Майсюка “Вершы. Каханне. Проза”, “Паэтаграфічны раман”, “Кніга для спадарыні Эл”, “Цацачная крама” і “Гаспода”, “Вандроўнік”, “Акропаль”, “Тут”, “Над пляцам”, “Стомленасць Парыжам” і інш.

Запрашаем азнаёміцца з выставамі ў аддзел абанемента: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.