Са святам Вялікадня!

Вялікдзень – самае значнае і радаснае вясенняе свята ў хрысціян, да якога людзі рыхтуюцца з асаблівым трапятаннем і любоўю. Яны прыбіраюць дом, гатуюць разнастайныя стравы,  упрыгожваюць галінкі вярбы, пякуць кулічы, фарбуюць яйкі – галоўны сімвал Вялікадня – і ідуць у храм на святочную службу, каб усё гэта акрапіць святой вадой.

Супрацоўнікі аддзела абанемента не маглі абмінуць дадзеную падзею і падрыхтавалі прагляд літаратуры “Вялікдзень – свята абнаўлення і міралюбнасці”, на якім знаходзяцца кнігі аб асаблівасцях спраўлення Вялікадня, яго гісторыі, традыцыях, вырабе святочных падарункаў і атрыбутаў свята, спосабах прыгатавання велікоднай ежы.

Каб падрыхтаваць свой арганізм да святкавання Вялікадня, хрысціяне перад ім абавязкова павінны прытрымлівацца 48-дзённага паста, карысць якога не абмяжоўваецца ўстрыманнем у ежы. Існы пост – гэта духоўнае ачышчэнне, эмацыянальны самакантроль, пазбаўленне ад усяго злога і заганнага. Тэме духоўнасці, здаровага харчавання, псіхалогіі жыцця і камунікацыі, шляхоў дасягнення поўнага кантролю над сабой, захавання ўнутранай гармоніі, супакою і ўмацавання сілы волі прысвечана значная частка выданняў, змешчаных на выставе.

Таксама тут можна знайсці паэтычныя зборнікі, прасякнутыя атмасферай галоўнага вясенняга хрысціянскага свята, мастацкія кнігі, у якіх сабраліся неверагодна кранальныя пасхальныя гісторыі аб любві, прынняці і прабачэнні.

Азнаёміцца з экспазіцыяй запрашаем у аддзел абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.