Вынікі працы за 2021 год

24 лютага ў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” адбыўся выніковы сход працоўнага калектыву. У сваім дакладзе дырэктар бібліятэкі М.Э. Ігнатовіч агучыла вынікі работы за 2021 год і акрэсліла прыярытэтныя накірункі дзейнасці на 2022-і. Прааналізавана работа кожнага структурнага падраздзялення, разгледжаны станоўчыя прыклады па прыцягненні наведвальнікаў у бібліятэку, агучаны магчымасці павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў установы і атрымання вышэйшай прафесійнай адукацыі.

Загадчык дзіцячага філіяла С.А. Арлюк пачала свой даклад з асноўных фактараў, якія паўплывалі на змяненне напрамкаў працы ў 2021 годзе. Новыя фарматы, якія былі прадыктаваны тагачаснымі ўмовамі, дазволілі перавыканаць план асноўных кантрольных паказчыкаў. Дзякуючы  мабільнасці і камунікабельнасці, калектыў дзіцячага філіяла павялічыў колькасць сацыяльных партнёраў з якімі працягнуць супрацоўніцтва і ў 2022 годзе.

Галоўны бухгалтар Т.Л. Манцэвіч агучыла аналіз работы структурных падраздзяленняў па прыцягненні пазабюджэтных даходаў і звярнула ўвагу на шэраг рэзерваў, якія яшчэ не выкарыстаны.

Спецыяліст па кадрах Н.А. Ракус пазнаёміла з падзякамі ў адрас супрацоўнікаў бібліятэкі ад арганізацый і чытачоў, а таксама адзначыла лепшых супрацоўнікаў кожнага структурнага падраздзялення па выніках 2021 года.