Знаёмцеся – кніжная серыя “100 пытанняў пра Беларусь”!

У 2021 годзе аўтар праекта і тэкста Алесь Бадак і мастак Міхаіл Дайлідаў адкрываюць серыю “100 пытанняў пра Беларусь” часткай 1 – “10 пытанняў пра беларусаў”. Маленькія чытачы ў яскравай і займальнай форме атрымаюць звесткі пра гісторыю і культуру беларускага народа, а прыклады фальклору раскрыюць усё  багацце беларусаў.

У адказе на пытанне “Чаму мы называем беларускую мову роднай?”, згадваецца і пра самую “беларускую” літару – Ў, і пра першыя чытанкі, складзеныя Цёткай і Коласам, і пра тое, што беларуская кніга пабывала ў космасе.
Дзіця даведаецца з кароткіх маляўнічых замалёвак старажытных багоў і духаў, у існаванне якіх верылі нашы продкі, ці праўда, што некаторым беларускім народным казкам тысяча гадоў.

Аўтар кранае мноства цікавых бакоў жыцця і дае адказы на пытанні:

– “Якія старажытныя плямёны насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі?”

– “Чаму нашых продкаў сталі называць беларусамі?”

–  “У якіх выпадках нашы продкі цалавалі хлеб?

– “Ці праўда, што багатыя бацькі на нейкі час аддавалі сваіх дзяцей у бедныя сем’і?”…

На гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці адказы ў кнізе “10 пытанняў пра беларусаў”. Чытайце разам з дзеткамі і даведвайцеся шмат цікавага пра нашу любую БЕЛАРУСЬ!