“Месца сустрэчы – бібліятэка”: інфармацыйная гадзіна для школьнікаў

2 кастрычніка дзіцячы філіял сустракаў навучэнцаў 2 “Э” і “Ч” класаў гімназіі №1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага.

Маленькія госці прынялі ўдзел у экскурсіі па бібліятэцы і кнігасховішчы, пазнаёміліся з кніжнай выставай “З любоўю да Беларусі”, якая прадэманстравала энцыклапедычныя выданні і мастацкія творы на рускай і беларускай мовах, прысвечаныя нашай Радзіме.

Інтэрактыўная карта “Збяры сваю Беларусь”  дапамагла школьнікам стварыць “каляровы” вобраз Беларусі, разважаючы пра каштоўнасці беларускай гісторыі і культуры: сімвалы, помнікі дойлідства, народныя рамёствы і стравы нацыянальнай беларускай кухні.

Каманды дзяўчынак і хлопчыкаў спаборнічалі,  збіраючы пазлы “Беларусь – мая Радзіма”, прысвечаныя архітэктурным знакамітасцям Беларусі і жывёльнай разнастайнасці нашай краіны.

Кніжная выстава “Маленькая азбука вялікай краіны” пазнаёміла прысутных з выданнямі, якія прысвечаны духоўнай спадчыне Беларусі.

Уразілі школьнікаў заняткі ў сэнсарным пакоі і крэатыўнай лабараторыі LEGO, кніжныя фотазоны бібліятэкі дапамаглі зрабіць эксклюзіўныя фотаздымкі на памяць.