Гэты цуд завецца КНІГА
11 верасня ў дзіцячым філіяле адбыліся сустрэчы з навучэнцамі 2 і 3 класаў з сярэдняй школы №27 і гімназіі №1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага.
Напярэдадні Дня бібліятэк былі праведзены экскурсіі па бібліятэцы, маленькія госці нават наведалі кнігасховішча. Цікавасць выклікала кніжная выстава “Каб да ведаў шлях быў адкрыты”, якая прадэманстравала энцыклапедычныя выданні рознай тэматыкі. Размова падчас сустрэчы была прысвечана чытацкім інтарэсам дзяцей.
У чытальнай зале пры дапамозе інтэрактыўнай карты “Збяры сваю Беларусь” школьнікі стваралі вобраз нашай краіны ў колерах, разважаючы пра традыцыйныя сімвалы беларускай культуры. Згадалі і рамёствы народа, і любімыя стравы нацыянальнай кухні. Медыяпадарожжа запрасіла юных чытачоў на нашу маленькую радзіму – у горад Гродна.
Гульня-пазлы «Беларусь – мая Радзіма» нагадала архітэктурныя знакамітасці Беларусі і жывёльную разнастайнасць краіны. Працягам гутаркі стала знаёмства з выданнямі, прысвечанымі гістарычнай і духоўнай спадчыне беларускага народа.
Крэатыўная лабараторыя LEGO пацешыла аматараў канструявання магчымасцю самастойнай творчай дзейнасці і калектыўных сюжэтна-ролявых гульняў сярод сяброў.
Знаёмствы са звычайна-незвычайным цудам – КНІГАЙ –працягваюцца! Чакаем чытачоў на новых сустрэчах у дзіцячым філіяле на вул. Савецкай, 25!