Пераможцы ХХІХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”
Падведзены вынікі ХХІХ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і 8 бібліятэчных устаноў Гродзеншчыны сярод пераможцаў.
У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” дыпломам першай ступені адзначана работа гарадской дзіцячай бібліятэкі г. Смаргоні. Ужо больш за дваццаць гадоў пры бібліятэцы працуе лялечны тэатр “Праменьчык”. Зрабіць спектаклі інклюзіўнымі дапамагла мясцовая ініцыятыва ў межах праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Дзякуючы атрыманаму гранту, у філіяле праведзены рамонт памяшкання, з’явілася зала для гледачоў, набыты сучасныя тэхнічныя сродкі для анлайн-трансляцый, новыя цудоўныя пальчаткавыя лялькі і шмат інш. Для юных жыхароў раённага цэнтра адбыліся анлайн-прадстаўленні “Венок из сказок”, “Береги свой дом, свою планету”. Акцёрамі анлайн-тэатра з’яўляюцца дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Інавацыйны падыход да арганізацыі работы назіраецца ў Навагрудскай раённай бібліятэцы. Менавіта за дзейнасць у гэтым накірунку бібліятэка і атрымала дыплом другой ступені ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” сярод бібліятэк, размешчаных у горадзе.
У бібліятэцы працуе рэтра-фотаатэлье, для стварэння якога атрыманы Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: набыты фотабокс з імгненным фота, мэбля, этажэрка і іншыя аксэсуары; пашыты касцюм гараджанкі і форма гімназісткі, якія поўнасцю адпавядаюць пач. ХХ ст. У рэтра-фотаатэлье можна прымяраць на сябе вобразы навагрудчан таго часу. Такі праект упершыню рэалізаваны не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне.
Дыплом другой ступені ў гэтай намінацыі сярод бібліятэк, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх населенных пунктах атрымала сельская бібліятэка аг. Суботнікі Іўеўскага раёна. Новаўвядзеннем для ўстановы стала стварэнне электроннага краязнаўчага даведніка “Жамыслаўль”, “старонкі” якога расказваюць пра асноўныя гістарычныя падзеі, палітычныя і эканамічныя змены на працягу розных часоў, значных гістарычных асоб, якія паўплывалі на развіццё і станаўленне знакамітага населенага пункта.
Дыплом другой ступені ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” – у Квасоўскай сельскай бібліятэцы Гродзенскага раёна. Супрацоўнікам установы сабраны ўнікальны матэрыял па гісторыі аграгарадка і падрыхтаваны электронны краязнаўчы рэсурс “Гартаючы старонкі гісторыі Квасоўкі”. Прадстаўлена інфармацыя, пачынаючы ад заснавання вёскі і да пачатку ХХ ст. Электронны рэсурс размешчаны на сайце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” .
У гэтай жа намінацыі дыплом трэцяй ступені сярод бібліятэк, размешчаных у горадзе, атрымала Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А. Макаёнка. Краязнаўчая пошукавая дзейнасць – прыярытэтны накірунак у рабоце бібліятэчнай установы і адзначаецца значнымі дасягненнямі ўжо некалькі гадоў запар. 2020 год не стаў выключэннем: супрацоўнікамі бібліятэкі створаны электронны рэсурс уласнай генерацыі “Аляксей Карпюк. Музей жыцця і творчасці”. Матэрыял сістэматызаваны ў 6-ці электронных залах, якія змяшчаюць біяграфічныя дадзеныя пісьменніка, гродзенскі перыяд жыцця і творчасці, бібліяграфічныя звесткі, аўдыя- і відэаматэрыялы, фотаздымкі, успаміны і водгукі.
Сярод устаноў, прадстаўленых у намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”, дыплом трэцяй ступені атрымала Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы. У 2020 годзе ў Інтэрнэт-асяроддзі было рэалізавана 15 творчых праектаў, у межах якіх падрыхтавана больш за 100 відэа- і інтэрактыўных заданняў. З мэтай іх сістэматызацыі быў створаны даведнік па Інтэрнэт-рэсурсах бібліятэкі.
Цікавы вопыт работы па папулярызацыі кнігі і чытання сярод падрастаючага пакалення ў Больцінікскай сельскай бібліятэцы Воранаўскага раёна. На высокім узроўні прайшлі: краязнаўчы вечар-рэспект “Ёсць у Беларусі куток, мілы сэрцу аграгарадок”, відэавіктарыны “Мая ВООК-сімпатыя”, літаратурны квэст “Героі” і інш.
Азярніцкая сельская бібліятэка, што на Слонімшчыне, у мінулым годзе вяла работа ў межах праекта “Кніга, якая гаворыць: прысвячаем малой радзіме”. Найбольш значныя сацыякультурныя мерапрыемствы краязнаўчага характару: вячоркі “Збірайцеся на бяседачку, мае госцейкі”; свята для жыхароў вёскі Клепачы, якая славіцца тым, што ў ёй нарадзіўся і вырас будучы віцэ-адмірал Балтыйскага флоту Апановіч В.М.; настальгічнае падарожжа “Двары майго дзяцінства”, гучныя чытанні “Мой край родны, апеты ў вершах”; краязнаўчы вернісаж “Мой куточак дарагі” і шмат іншых.
Гэтыя ўстановы атрымалі заахвочвальныя прэміі.
Шчыра віншуем пераможцаў!