«Чароўны свет дзіцячых кніг» і кінасустрэча з Аленай Туравай

10 чэрвеня ў кінатэатры “Космас” адбыўся прэм’ерны паказ першага паўнаметражнага беларускага анімацыйнага фільма “Звёзды седьмого неба” з удзелам Алены Віктараўны Туравай – рэжысёра, сцэнарыста, пісьменніцы.
“Звёзды седьмого неба” − гэта фільм-выслоўе, які ў фантазійна-музычнай форме распавядае пра сілу мары, а Алена Турава з’яўляецца для яго і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, і аўтарам сцэнарыя.
Выстава выданняў з фондаў дзіцячага філіяла абласной бібліятэкі “Чароўны свет дзіцячых кніг” сустракала маленькіх гледачоў перад кінапраглядам. На ёй былі прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў: У. Караткевіча, А.Бутэвіча, А. Масла, К. Хадасевіч-Лісавой, Г. Аўласенкі, А. Якімовіча, Т. Дамаронак, В. Гапеева, А. Жвалеўскага і Я. Пастэрнак, а таксама зборнікі беларускіх казак, міфаў і паданняў. Зацікавілі маленькіх чытачоў і творы замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову: “Малы і Карлсан” А. Ліндгрэн, “Маленькі прынц” А. Сент-Экзюперы, “Віня-Пых” А. Мілна і ”Казкі дзядзечкі Рымуса” Дж. Харыса.
Дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі ганаровай госці – фантастычнымі аповесцямі Алены Туравай “КиндерВилейское привидение” і “Рыжик в Зазеркалье”, якія карыстаюцца папулярнасцю. Вядомая пісьменніца суправадзіла свае творы аўтографамі і пажаданнямі “добрых чудес” маленькім чытачам дзіцячага філіяла.
Алена Турава сустрэлася з гледачамі, разыграла падарункі і з радасцю згадзілася пафатаграфавацца з усімі жадаючымі.
Выказваем шчырую падзяку дырэктару кінатэатра “Космас” Жылінскай Кацярыне Сяргееўне за садзейнічанне ў арганізацыі выставы.