Літаратурная прастора Беларусі
Да Міжнароднага Дня роднай мовы ў абанементным аддзеле арганізавана выстава “Літаратурная прастора Беларусі”, якая дэманструе мастацкія, літаратуразнаўчыя і краязнаўчыя выданні нашых класікаў і сучаснікаў-літаратараў.
У раздзеле “Дыялог з беларускай літаратурай” сабраны раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, п’есы, вершы, балады і іншыя жанры на беларускай і рускай мовах, у якіх сваімі думкамі, хваляваннямі, уражаннямі і ўспамінамі дзеляцца прафесіянальныя і самабытныя майстры слова, маладыя і сталыя творцы з розных куткоў беларускай зямлі. Можна звярнуць увагу на такіх аўтараў, як С.А. Алексіевіч., М. Калядны, А.А. Марціновіч, А.В. Брава і інш.
Усе, хто цікавіцца гісторыяй утварэння і фарміравання беларускай мовы, гісторыяй вашага прозвішча, імя, імя па бацьку, назвы той мясціны, з якой вы паходзіце і дзе пражываеце, то звярніце ўвагу на кнігу У.М. Юрэвіча “Слова жывое, роднае, гаваркое” з раздзела “Мая зямля – маё натхненне”. З дапамогай такіх кніг, як “Гісторыя беларускай мовы: гістарычная граматыка” Ф.М. Янкоўскага, “Пошукі і роздум” І.Я. Лепешава, “Скарбы народнай мовы” А.П. Цыхуна, “Па-беларуску? Калі ласка!” Г.Мыцык і інш., вы зможаце паглыбіцца ў гісторыю роднай мовы, пазнаёміцца з правіламі беларускай граматыкі або замацаваць іх.
У раздзеле “Адчыніся, таямніца часу”змешчана пазнавальная літаратура, у якую ўвайшлі эсэ, нарысы, што асвятляюць гісторыю шматлікіх мясцін Беларусі, самой краіны і біяграфіі знакамітых пісьменнікаў-ураджэнцаў зямлі пад белымі крыламі (у тым ліку вымушаных эмігрантаў, чые імёны і справы доўгі час былі засакрэчаны): А.М. Карлюкевіч “Далёкія і блізкія суродзічы: з дзённіка краязнаўцы”, “Радзімазнаўства: Мясціны. Асобы”, А.Ф. Вашкевіч “На Гродзенскім бруку”, А.І. Бутэвіч “Таямніцы Нясвіжскага замка: падарожжа ўглыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем”, “Жанчыны з легенды: гістарычныя нарысы”, “Збрнік гістарычнай беларускай прозы”, І.А.Масляніцына“Беларусь далетапісная: гістарычныя нарысы”, Б.Залескі “З жыцця літвінкі: з лістоў і нататак (1823-1874)” і інш. Такім чынам, чытач можа здзейсніць падарожжа па гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі як прасторавае, так і часавае.
Літаратуру з выставы рэкамендуем прачытать студэнтам, навукоўцам, выкладчыкам і ўсім, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і літаратурай.
Экспазіцыя знаходзіцца ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, 2 паверх, каб. 201.