“Сельскай газеце” – 100 гадоў

15 студзеня адзначае свой 100-гадовы юбілей “Сельская газета”. За гэты час выданне не раз мяняла сваю назву: “Белорусская деревня” (1921 г.), “Беларуская вёска”, “Калгаснік Беларусі”, “Савецкі селянін”, “Калгасная праўда”, “Белорусская нива” і, нарэшце, “Сельская газета”.

Газета мае багатую гісторыю і традыцыі. Менавіта на яе старонках пачыналі сваю творчую дзейнасць многія знакамітыя асобы Беларусі. Так, у адным з архіўных нумароў размешчаны артыкул за подпісам “Селяніна Кандрата” – пад гэтым псеўданімам друкаваўся Кандрат Крапіва, які працаваў пазаштатным карэспандэнтам.

“Сельская газета” сёння – выданне для ўсіх, хто цікавіцца жыццём і працай у вёсцы. Яна ўсебакова адлюстроўвае праблемы, поспехі, перспектывы развіцця, дасягненні навукі і тэхнікі ў сельскай гаспадарцы.

Пазнаёміцца з газетай можна ў аддзеле перыядычных выданняў абласной бібліятэкі па адрасе: вул. Карбышава, 17.

Даведкі па тэлефоне: 71-89-43.