Да юбілею Віктара Кудлачова

 Шаноўныя гарадзенцы!

 15 студзеня спаўняецца 85  гадоў з дня нараджэння знакамітага дзіцячага паэта, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І.Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” Віктара Сямёнавіча Кудлачова.

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага віншуе Віктара Сямёнавіча з днём нараджэння і жадае яму моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, поспехаў, дабрабыту і ўсіх зямных благ!

Імя В.С.Кудлачова ў 2012 годзе было занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці, а ў 2014 годзе – прысвоена бібліятэцы Гродзенскага Гуманітарнага каледжа. Плённая праца ўганаравана шматлікімі ўзнагародамі. Сярод  іх – медаль  “Ветэран працы”, “За вялікі ўклад у літаратуру” Саюза пісьменнікаў Беларусі, нагрудны знак “Заслужаны дзеяч Беларускага таварыства інвалідаў па зроку”  ды іншыя.

Сёння ў творчым багажы таленавітага паэта 24 кнігі для дзяцей, 2 аўдыякнігі, зборнік выбраных твораў, выдадзены шрыфтам Брайля. Яго вершы  надрукаваны ў больш чым у 30 калектыўных зборніках, не толькі ў беларускіх, але і ў маскоўскіх ды санкт-пецярбургскіх. Звыш 70 з іх сталі песнямі, якія выконваюць у школах і дзіцячых садах. Яго творы выхоўваюць у маленькіх чытачоў пачуццё любові да людзей, да бацькоў, вучаць любіць прыроду, працу, шанаваць дружбу, імкнуцца здзяйсняць больш добрых спраў.

Кнігі  Віктара Сямёнавіча захоўваюцца ў буйнейшых бібліятэках свету: Бібліятэцы Кангрэса ЗША, Бібліятэцы Гарвардскага, Оксфардскага і Ягелонскага ўніверсітэту, Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ды іншых.

Выстава “Бачыць душой і сэрцам” у аддзеле краязнаўства абласной бібліятэкі раскажа вам яшчэ больш цікавага пра жыццё паэта, а таксама пазнаёміць з яго кнігамі і лепшымі творамі. Запрашаем Вас па адрасе: вул. Карбышава, 17, каб. 107.

Даведкі па тэл.: 71-89-54.