Аляксандр Ласмінскі – “Я влюблен в эту землю”
Аляксандр Ласмінскі – “Я влюблен в эту землю”
Першы дырэктар гарадскога тэлебачання “Гродна Плюс” і MFM 105.0, заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў, кіраўнік Народнага фотаклуба “Гродна”, дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня камісіі па культуры, адукацыі і па справах моладзі, выдатны краязнаўца, аўтар 38 кніг і арганізатар больш чым 400 фотавыстаў у краіне і за мяжой, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў у галіне фатаграфіі і тэлебачання – усё гэта Аляксандр Іосіфавіч Ласмінскі.
Творчы багаж юбіляра вельмі вялікі, як і яго працоўны патэнцыял. У 2007 годзе Аляксандр Іосіфавіч стаў лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама за творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва. За актыўную творчую дзейнасць ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2011), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За вклад в развитие культуры Беларуси” (2012), ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
28 кастрычніка ва ўтульнай зале галоўнага корпуса абласной бібліятэкі прайшоў творчы вечар-сустрэча “Я влюблен в эту землю”, прымеркаваны да 70-годдзя А.Ласмінскага.
У вузкім крузе сяброў, калег і прыхільнікаў яго творчасці, фотамастак прымаў віншаванні.
Сваё відэавіншаванне даслала сябра і калега Ядвіга Браніславаўна Юферава, намеснік галоўнага рэдактара “Российской газеты”, з якой лёс звёў Аляксандра Іосіфавіча яшчэ ў студэнцтве.
А.Ласмінскі – сапраўдны настаўнік і ідэйны натхняльнік для шматлікіх юных журналістаў нашага краю. Павіншаваць юбіляра прыйшлі прадстаўнікі Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы, а непасрэдна – Іна Іванаўна Мінчук, загадчык кафедры журналістыкі.
Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі не абышлі стараной юбілей знакамітага гродзенца. Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык зачытаў паэтычнае прысвячэнне Аляксандру Іосіфавічу ад пісьменнікаў Прынёмання.
Любоў да горада над Нёманам звяла нашага юбіляра з мноствам выдатных людзей, якія з асобай пяшчотай і душэўнасцю ставяцца да гэтага месца і робяць яго лепшым і прыгажэйшым. Добрыя словы ў адрас юбіляра прагучалі ад Тарэзы Іосіфаўны Белавусавай, карэспандэнта выдавецтва “Кто есть кто?” у Рэспубліцы Беларусь і Аляксандра Адамавіча Штэна, члена-карэспанэнта Беларускай акадэміі, члена Саюза архітэктараў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата ганаровага прыза “Зодчий Республики Беларусь”
Удзельнікі творчай сустрэчы шчыра дзякавалі Аляксандра Іосіфавіча за ўсё, что ён зрабіў для Гродзеншчыны і яе жыхароў.