Знаёмства з удзельнікамі конкурса фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі»

Наша падарожжа па старонках удзельнікаў конкурса фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі» працягваецца. Сёння мы пазнаёмім вас з яшчэ адным пераможцам у намінацыі “Наш край – наш лёс” – ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.

Фоталетапіс нагадвае каштоўную кнігу, дзе перад кожным наступным аддзелам знаходзіцца прыгожы малюнак, зроблены ўручную. Гэта шыкоўны альбом, які распавядае гісторыю аднаго з самых старажытных гарадоў Гродзеншчыны – Ліды і паказвае яго з пачатку ХХ века і да нашых дзён. Ён сабраў мноства самых важных і яскравых момантаў з жыцця землякоў: выгляд роднага краю і яго жыхароў, сямейныя і грамадскія святы, штодзённыя справы, фотахроніку сельскай гаспадаркі, вучэбных і медыцынскіх устаноў.

Летапіс аб’ядноўвае здымкі з розных крыніц: з сямейных фотаальбомаў лідчан, з архіваў прадпрыемстваў, з асабістых калекцый. І ўсё гэта каля 100 каштоўных і ўнікальных фатаграфій, зробленых у перыяд 1950-1980-х гадоў.

Яшчэ больш цікавых фактаў пра фоталетапіс і яго напаўненне вам раскажа відэаролік, а пазнаёміцца з працай асабіста можа кожны жыдыючы ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага па адрасе: вул. Карбышава, 17, 2 паверх.

ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”

Жыццё чалавека – гэта кароткае імгненне, крупінка на стужцы часу, але менавіта з такіх дробязей ствараецца ўся сучасная гісторыя. За спіной кожнага з нас стаяць пакаленні нашых продкаў, іх традыцыі і звычаі, легенды і паданні, якія сёння лічацца сапраўднай культурнай каштоўнасцю нашага краю.

Таму ў 2020 годзе ўпершыню з мэтай збору, захавання і папулярызацыі ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Гродзеншчыны ўпраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” арганізавалі і правялі конкурс фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”.

Яго работы, унікальныя і непаўторныя, для многіх чытачоў абласной бібліятэкі сталі краязнаўчым адкрыццём, таму мы з задавальненнем раскажам вам пра кожнага ўдзельніка падрабязней.

І пачнем знаёмства з пераможцы ў намінацыі “Наш край – наш лёс” – ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”.

Фоталетапіс “Мой любы край, мая Мастоўшчына” адлюстроўвае гісторыю Мастоўскага раёна, пачынаючы з сярэдзіны 20-х і да канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Змястоўны і прыгожы самаробны альбом складаецца з 6 раздзелаў, кожны з каторых раскажа свайму чытачу мноства цікавых звестак: ад архітэктурных каштоўнасцей Мастоў да станаўлення “Мастоўдрэва”, ад гісторыі “горада пяці мастоў” да сучаснасці.

Штодзённае жыццё мастаўчан, важныя падзеі і святы, любімыя мясціны і шчаслівыя ўсмешкі – прадстаўленыя ў летапісе ўнікальныя фотаздымкі сабралі самыя яскравыя і значныя моманты з гісторыі Мастоўшчыны. Яны з’яўляюцца вельмі дарагой каштоўнасцю для кожнага жыхара гэтага прыгожага краю.

А яшчэ больш цікавай інфармацыі і пра альбом, і пра спадчыну Мастоўскага раёна вы можаце даведацца з відэароліка.