Знаёмства з удзельнікамі конкурса фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі»
Жыццё чалавека – гэта кароткае імгненне, крупінка на стужцы часу, але менавіта з такіх дробязей ствараецца ўся сучасная гісторыя. За спіной кожнага з нас стаяць пакаленні нашых продкаў, іх традыцыі і звычаі, легенды і паданні, якія сёння лічацца сапраўднай культурнай каштоўнасцю нашага краю.
Таму ў 2020 годзе ўпершыню з мэтай збору, захавання і папулярызацыі ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Гродзеншчыны ўпраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” арганізавалі і правялі конкурс фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”.
Яго работы, унікальныя і непаўторныя, для многіх чытачоў абласной бібліятэкі сталі краязнаўчым адкрыццём, таму мы з задавальненнем раскажам вам пра кожнага ўдзельніка падрабязней.
І пачнем знаёмства з пераможцы ў намінацыі “Наш край – наш лёс” – ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”.
Фоталетапіс “Мой любы край, мая Мастоўшчына” адлюстроўвае гісторыю Мастоўскага раёна, пачынаючы з сярэдзіны 20-х і да канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Змястоўны і прыгожы самаробны альбом складаецца з 6 раздзелаў, кожны з каторых раскажа свайму чытачу мноства цікавых звестак: ад архітэктурных каштоўнасцей Мастоў да станаўлення “Мастоўдрэва”, ад гісторыі “горада пяці мастоў” да сучаснасці.
Штодзённае жыццё мастаўчан, важныя падзеі і святы, любімыя мясціны і шчаслівыя ўсмешкі – прадстаўленыя ў летапісе ўнікальныя фотаздымкі сабралі самыя яскравыя і значныя моманты з гісторыі Мастоўшчыны. Яны з’яўляюцца вельмі дарагой каштоўнасцю для кожнага жыхара гэтага прыгожага краю.
А яшчэ больш цікавай інфармацыі і пра альбом, і пра спадчыну Мастоўскага раёна вы можаце даведацца з відэароліка.
Пазнаёміцца з працай-пераможцам ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” запрашаем у Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Я.Ф.Карскага.