Свята друкаванага слова

“Нам кніга – вечнае святло,
Крыніца ведаў, цуд бясконцы!
І параўнацца з ёй магло б,
Відаць, у свеце толькі сонца”.

         М. Пазнякоў

Да Дня беларускага пісьменства, які ў нашай краіне з 1994 г. святкуецца ў першую нядзелю верасня, у абанементным аддзеле падрыхтавана выстава “Свята друкаванага слова”. Выданні выставы даюць чытачам адказы на наступныя пытанні: як выглядалі першыя рукапісныя кнігі; як змянялася мастацкае аздабленне кніг на працягу стагоддзяў; якім чынам развіццё беларускага пісьменства звязана з іншымі сферамі чалавечай дзейнасці і г.д. (Ластоўскі В. “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, “Памятники литературы Беларуси Х – ХVIII веков”, Гельб І. “История письменности: от рисуночного письма к полноценному алфавиту”, “Кніжная спадчына Беларусі”, “Гісторыя беларускай кнігі ў 2 тамах”).

Акрамя гэтага на выставе адлюстраваны кнігі пра першадрукароў-юбіляраў 2020 г.: Францыска Скарыну, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца і іншых асветнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё кнігадрукаванню на беларускай зямлі (“Францыск Скарына: энцыклапедыя”, “Францыск Скрына: асоба, дзейнасць, спадчына”, Дубянецкі Э. “Асветнікі Беларусі. Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Спірыдон Собаль”, Неміроўскі Е. “Иван Фёдоров в Белоруссии” і інш.).

На асобнай паліцы знаходзяцца кнігі-фотаальбомы, прысвечаныя 30-годдзю з часу адкрыцця Музея беларускага кнігадрукавання, філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, заснаванага ў 1990 г.: “Полацк музейны” і “Полацк = Полоцк = Polotsk: гонар вякоў”. На старонках дадзеных выданняў дэталёва раскрываецца каларытная гісторыя г. Полацка і вышэйназванага музея, адбываецца знаёмства з гісторыяй і эвалюцыяй беларускага пісьменства, кнігадрукавання і кніжнай культуры са старажытнасці да нашых дзён.

Экспазіцыя будзе карысна студэнтам і выкладчыкам ВНУ, гісторыкам, філолагам, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі беларускай культуры і беларускага кнігадрукавання.

Запрашаем пазнаёміцца з выставай “Свята друкаванага слова” ў абанементны аддзел па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.