Памятны ліпень

У 75-годдзе Вялікай Перамогі да знакавых падзей ліпеня ў абанементным аддзеле арганізаваны выставы: “Беларусь: доўгія вёрсты вайны” і “Памятны ліпень”, прысвечаныя вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Праз прадстаўленыя на выставе “Беларусь: доўгія вёрсты вайны” выданні (“Агнявыя дарогі да Перамогі”, Долготович Б.Д. “Созвездие героев земли белорусской”, Ермаловіч В.І. “Беларусь. Шлях да Вялікай Перамогі”, Никитин М.Г. “Шаги Великой Победы. Освобождение Беларуси” і інш.) асвятляецца подзвіг Чырвонай Арміі, якая поўнасцю вызваліла нашу краіну за 68 дзён у ходзе наступальнай аперацыі “Багратыён” у чэрвені – ліпені 1944 года. Як развівалася гэта бітва дзень за днём, распавядуць змешчаныя ў кнізе “Операция Багратион. Освобождение Беларусі” ўнікальныя архіўныя матэрыялы – аператыўныя зводкі Генштаба Чырвонай Арміі і дакументы германскай групы армій “Цэнтр”, захопленыя ў ворага. Асобны раздзел выдання прысвечаны камандзірам франтоў і армій у Беларускай аперацыі, дзе прадстаўлены больш за 900 герояў аперацыі “Багратыён”.
Дарэчы, 16 ліпеня Гродна адзначае свой чарговы Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і гэтай падзеі адведзена асобнае месца на выставе “Памятны ліпень”. Зацікаўленыя гераічнымі старонкамі нашай краіны і роднага горада чытачы могуць звярнуцца да выданняў “Книга героев Гродненской области”, Верхось В.П., Неделько В.А. “Гродненщина в годы Великой Отечественной войны (1941 – 1944 гг.)”, Шепелевич М.А. “Путь девушки из Гродно: ещё одно восхождение”, “Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1944 гг.)” і г.д., з якіх даведаюцца аб ходзе вызвалення 2-ім і 3-ім Беларускімі франтамі асноўнай правабярэжнай, а пасля – занёманскай часткі Гродна ад акупацыі; колькі за час баявых дзеянняў у Гродне было разбурана будынкаў і знішчана гараджан; пазнаёмяцца з імёнамі многіх вызваліцеляў горада, у гонар якіх былі названы вуліцы, школы, памежныя заставы, а Гродна ў ліку іншых населеных пунктаў Беларусі быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Наведаць выставы “Беларусь: доўгія вёрсты вайны” і “Памятны ліпень” можна ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.