«Гістарычныя асобы-юбіляры»

У межах цыкла «Гістарычныя асобы-юбіляры» прапануем вашай увазе выставу-прагляд, прысвечаную кампазітарам. У гэтым годзе адзначаюцца юбілеі з дня нараджэння Пятра Чайкоўскага, Фрыдэрыка Шапэна, Людвіга ван Бетховена.

Пётр Ілліч Чайкоўскі (25.04.1840-06.11.1893) – славуты рускі кампазітар, педагог, дырыжор, мастацкі крытык. Спадчына Чайкоўскага прадстаўлена шматлікімі жанрамі: 10 опер, тры балеты, сем сімфоній, каля 100 рамансаў, харавыя сачыненні, кантаты і інш. З’яўляецца яркім прадстаўніком музыкальнага рамантызму ў Расіі XIX стагоддзя.

Фрыдэрык Шапэн (01.03.1810-17.10.1849) – знакаміты польскі кампазітар, піяніст. Адзін з вядучых прадстаўнікоў заходнееўрапейскага музычнага рамантызму. За ўсё сваё жыццё не напісаў ніводнага твора для сімфанічнага аркестра, але разам з тым яго сачыненні для фартэпіяна з’яўляюцца вяршыняй сусветнай музыкі. Знакамітасць Шапэна абумоўлена не толькі яго кампазітарскай дзейнасцю. Таленавіты польскі музыкант праявіў сябе і ў якасці геніяльнага педагога. Творчасць Шапэна – адно з самых вялікіх дасягненняў польскай і сусветнай мастацкай культуры, якое паўплывала на развіццё музычных жанраў.

Людвіг ван Бетховен (16.12.1770-26.03.1827) – таленавіты нямецкі кампазітар, піяніст і дырыжор, апошні прадстаўнік «венскай класічнай школы». Яго музычны талент праявіўся яшчэ ў дзяцінстве: ва ўзросце васьмі гадоў ён выступіў публічна з канцэртам. Бетховен пісаў ва ўсіх існуючых у той час жанрах: опера, харавыя сачыненні, музыка да драматычных спектакляў. Рана страціў слых, што прывяло да цяжкасцей у зносінах з людзьмі, з часам прыйшлося адмяніць выступленні, але ён працягваў пісаць музыку.

Падрабязней пазнаёміцца з жыццём і творчай спадчынай кампазітараў вы зможаце ў галоўным корпусе абласной бібліятэкі (вул. Карбышава, 17, каб. 204), а таксама ў аддзеле мастацтва (вул. Савецкая, 25).