24 чэрвеня – 75 гадоў з часу правядзення Парада Перамогі ў Маскве

24 чэрвеня спаўняецца 75 гадоў з часу правядзення Парада Перамогі ў Маскве. Да гэтай знакавай даты ў абанементным аддзеле абласной бібліятэкі па адрасе: вул. Карбышава, 17, к. 201 арганізавана выстава адной кнігі-фотаальбома “От парада надежды к Параду Победы”. Без парада надзеі 1941 года не было б і Парада Перамогі ў 1945 годзе, таму абедзве гэтыя падзеі сталі непаўторнымі вехамі ваеннай гісторыі, сімваламі адзінства і незабыўнымі для кожнага ўдзельніка хвілінамі гонару і ўрачыстасці.

Кніга выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” распавядае пра ўдзельнікаў двух гістарычных парадаў на Чырвонай плошчы ў Маскве: 7 лістапада 1941 і 24 чэрвеня 1945 гадоў. Гэта матэрыялы пра доблесных абаронцаў Айчыны, біяграфіі і ўспаміны якіх буквальна па крупіцах былі сабраныя для гэтага выдання, каб захаваць памяць аб імёнах і франтавых подзвігах нашых землякоў і нагадаць будучым пакаленням, што значыць быць верным воінскаму і грамадзянскаму абавязку. Такой жа гістарычнай падзеяй для нашай Беларусі стаў парад беларускіх партызан у Мінску 16 ліпеня 1944 года, які з’яўляецца важным сведчаннем прызнання заслуг беларускага народа ў барацьбе з нацызмам.

Запрашаем пазнаёміцца з багата ілюстраванай кнігай-фотаальбомам “От парада надежды к Параду Победы”, якая з’яўляецца новай старонкай у летапісе ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь.