Дзень Памяці і Смутку
22-гі дзень чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Днём Памяці і Смутку – гэта дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны (1941), якая страшным ураганам пранеслася па лёсах некалькіх пакаленняў савецкіх людзей і пакінула свой глыбокі след як для беларусаў, так і для іншых народаў былога СССР. Да 75-годдзя Вялікай Перамогі супрацоўнікамі абанементнага аддзела Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага арганізавана кніжная выстава “1941-ы… 22 чэрвеня”, якая складаецца з дакументальных, навукова-папулярных выданняў і твораў мастацкай літаратуры, дзе адлюстраваны першыя месяцы лета адной з самых кровапралітных войнаў у гісторыі чалавецтва.
Змешчаныя ў экспазіцыі кнігі (Рунов В. А. “1941. На пороге войны”, “41-й не померкнет никогда: страницы истории”, Воронкова И. Ю. “Двадцать второго июня, ровно в четыре часа…”, “Эхо июня 41-го: страницы истории”, Солонин М. С. “22 июня. Окончательный диагноз”, Киселев В. К. “Трагедия и герои. Беларусь. Лето 1941 г.” і інш.) распавядаюць пра пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі вяліся першыя баі на беларускай зямлі (у Мінску, Брэсце, Гродне і г.д.), дзе і быў пакладзены пачатак зрыву фашысцкага плана “маланкавай вайны”.
Асаблівае месца на выставе займаюць кнігі пра бессмяротны подзвіг Брэсцкай крэпасці, якую штурмавала элітная 45-я пяхотная дывізія праціўніка і іншыя часці пры магутнай падтрымцы авіяцыі і буйнакалібернай артылерыі. Крэпасць-герой стала сімвалам масавага подзвігу і гераізму яе абаронцаў, волю якіх не зламалі ні жорсткія бамбардзіроўкі, ні артылерыйскія абстрэлы, ні бесперапынныя атакі гітлераўцаў, ні голад і смага. Амаль усе ўдзельнікі абароны загінулі, але яны здолелі скаваць значныя сілы ворага, нанесці яму адчувальныя страты. Пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці можна прачытаць на старонках наступных кніг з выставы: “Брестская крепость: война и мир”, “Брестская крепость на ветрах истории”, Бешанов В.В. “Брестская крепость”, Гребенкина А.А. “Живая боль. Женщины и дети Брестского гарнизона (1941-1944)” і інш.
На экспазіцыі таксама прадстаўлены выданні, у якіх абазраваецца службова-баявая дзейнасць і гістарычны шлях беларускіх памежнікаў, што стрымлівалі наступленне немцаў гадзінамі і суткамі напралёт – трымаліся да апошняга патрона, да апошняга байца. Легендарная абарона Брэста і Лібавы, гераічная пагібель Крэцінгскага і Таўрагскага атрадаў, абаронцаў заставы пад камандаваннем лейтэнанта В. Усава на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, подзвігі авіацыйных і марскіх часцей памежвойскаў – летам 41-га савецкія памежнікі выканалі свой воінскі доўг спаўна (Петров И.И. “Пограничники в 1941 году”, Тылец В.А. “Граница 41: Белорусский пограничный округ: малоизвестные страницы истории”, “Память. Белорусский пограничный округ” і інш.).
Кніжную выставу “1941-ы… 22 чэрвеня” можна наведаць у абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, к. 201.